Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа прыняў новых паслоў у Апостальскай Сталіцы |
Святы Айцец |
19.10.2010 12:01 |
Каталіцкая традыцыя, мір, пашана да чалавечага жыцця, клопат аб сям’і, захаванне яе правоў, інтэгральнае развіццё народаў — тэмы, якія закранаюцца ў пасланнях Святога Айца Бэнэдыкта XVI да двух новых паўднёваамерыканскіх паслоў у Апостальскай Сталіцы. 18 кастрычніка 2010 г. Папа ўдзяліў аўдыенцыі прадстаўніку Калумбіі Сэсару Маўрысіо Веласкесу Оссэ і прадстаўніку Сальвадора Мануэлю Раберта Лопесу Баррэрэ.
Падчас сустрэч Пантыфік падкрэсліў каталіцкую традыцыю абедзвюх краін, якія ўжо больш за два стагоддзі з’яўляюцца незалежнымі. Краіны маюць добрыя дыпламатычныя адносіны з Ватыканам — у прыватнасці, з Калумбіяй яны працягваюцца ўжо 165 год. Святы Айцец адзначыў, што Касцёл жадае і далей спрыяць развіццю насельніцтва гэтых краін, не патрабуючы сабе ніякіх прывілеяў. У звароце да пасла Калумбіі Папа закрануў пытанні міру, паяднання і справядлівасці. Звяртаючыся да прадстаўніка Сальвадора, Пантыфік узгадаў аб існуючых у гэтай краіне грамадскіх напружаннях і росквіту злачыннасці. Святы Айцец перасцярог перад шляхам насілля — «шляхам у нікуды», які пагаршае сітуацыю і зневажае годнасць чалавека. Папа пажадаў уладам абедзвюх паўднёваамерыканскіх краін поспеху ў барацьбе з беднасцю і ў намаганнях аб зацвярджэнні законаў. Адначасова Пантыфік нагадаў, што Касцёл заклікае да непарушнасці чалавечага жыцця ад зачацця да натуральнай смерці, выказваецца за абарону сям’і, заснаванай на сужэнстве мужчыны і жанчыны, за права бацькоў выбіраць спосаб выхавання сваіх дзяцей. |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.