Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа да пасла Румыніі: рабіць добры ўжытак са свабоды краіны
Святы Айцец
21.10.2010 17:03

21 кастрычніка 2010 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў аўдыенцыю паслу Румыніі ў Ватыкане Багдану Татару-Казабану. Як адзначыў падчас сустрэчы Папа, сёння, пасля атрымання Румыніяй свабоды і яе ўваходу ў Еўрасаюз, што стала «важным этапам у пошуку сапраўднай дэмакратыі», краіне трэба адказваць на новыя выклікі.

Па словах Пантыфіка, нельга дапусціць, каб грамадства засноўвалася выключна на матэрыяльным дабрабыце і пагоні за прыбыткам, хоць гэта і зразумела пасля дзесяцігоддзяў цяжкага лёсу, які выпаў на долю краіны. Аднак асноўным з’яўляецца кіраванне праўдай і павага, дзякуючы якім Румынія можа дасягнуць аднаўлення ў палітыцы, эканоміцы і грамадскай сферы.

Як адзначыў Святы Айцец, падчас існавання ў Румыніі камуністычнага рэжыму «сапраўдныя каштоўнасці былі фактычна забыты на карысць фальшывых тэорый». Сёння ж жыхары краіны павінны «рабіць добры ўжытак» са сваёй свабоды. Гэтая свабода, як дадаў Папа, спрыяе «пошуку праўды, дабра і праяўляецца менавіта дзякуючы пазнанню і чыненню таго, што сапраўднае і правільнае».

Па словах Бэнэдыкта XVI, у працэсе аднаўлення грамадскіх сувязяў першае месца займае сям’я. Таму трэба зрабіць усё, каб яна выконвала свае базавыя грамадскія функцыі, пачынаючы ад сістэмы адукацыі, якая праз зварот да вялікіх ідэалаў заахвочвала б маладое пакаленне кіравацца ў жыцці маральнымі цнотамі. Як падкрэсліў Пантыфік, сям’я і адукацыя — гэта «зыходны пункт да ліквідацыі ўбоства», шанавання «меншасці, сям’і і самога жыцця». У іх бяруць пачатак этычныя каштоўнасці і можа развівацца рэлігійнае жыццё.

Пасля камуністычнага перыяду, працягваў Папа, неабходным з’яўляецца выпраўленне крыўдаў, якія зведалі рэлігійныя супольнасці. Важна правядзенне дыялога паміж дзяржавай і прадстаўнікамі рэлігіі, а таксама падтрымка гарманічных адносінаў паміж рознымі супольнасцямі. Як дадаў Пантыфік, Касцёл жадае ўнесці свой уклад як у грамадскае жыццё, так і ў дыялог з некаталіцкімі супольнасцямі, бо бачыць у экуменічным дыялогу «шлях сустрэчы са сваімі братамі ў веры» з павагай да спецыфікі кожнага боку.

«Сведчанне братэрства паміж католікамі і праваслаўнымі ў духу любові і справядлівасці павінна пераадолець цяжкасці і адкрыць сэрцы на паяднанне, — падкрэсліў Святы Айцец. — У гэтым рэчышчы вялікія плёны прынёс гістарычны візіт, які некалькі год таму здзейсніў у гэтую ў большасці праваслаўную краіну папа Ян Павел ІІ». На думку Бэнэдыкта XVI, такі «канструктыўны дыялог стане сапраўды пачаткам еднасці і згоды» не толькі ў Румыніі, але і ва ўсёй Еўропе.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.