Бэнэдыкт XVI: Касцёл не мае палітычных амбіцый, а клапоціцца аб агульным дабры |
Святы Айцец |
22.10.2010 17:27 |
Аб укладзе веры ў развіццё грамадства, абароне каштоўнасці чалавечага жыцця і сям’і і аб значэнні хрысціянскіх каранёў Еўропы казаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас сустрэчы з новымі пасламі Партугаліі, Славеніі і Эквадора ў Ватыкане. 22 кастрычніка 2010 г. Папа ўдзяліў паслам аўдыенцыі. Звяртаючыся да пасла Эквадора Луіса Латорэ Тапіі, Пантыфік нагадаў, што ў 1978 г. наведваў гэтую краіну як пасланец папы Яна Паўла ІІ. Святы Айцец указаў на значэнне рэлігіі для развіцця асобы і грамадства і падкрэсліў, што Касцёл не імкнецца да атрымання прывілеяў, а прагне толькі ўнесці свой уклад у інтэгральнае развіццё асобы. Па словах Папы, гісторыя вучыць нас, што занядбанне праўды пра чалавека, створанага па Божым вобразе і падабенстве, часта вядзе да несправядлівасці і таталітарызму. Калі ж, наадварот, дзяржава прызнае гэтую праўду, свабода жыхароў і іх удзел у грамадскім жыцці ўзмацняюцца. Таму неабходна пашана чалавечага жыцця ў кожнай яго стадыі, рэлігійнай свабоды, сям’і, пабудаванай на сужэнстве мужчыны і жанчыны. Пантыфік дадаў, што душпастыры Касцёла не павінны ўступаць у палітычныя дэбаты, прапануючы канкрэтныя вырашэнні, аднак яны не могуць заставацца абыякавымі перад абліччам важных праблем. |