Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец да кардыналаў аб пагрозах рэлятывізму для сапраўднай свабоды
Святы Айцец
19.11.2010 18:19

Сёння падчас сустрэчы з кардыналамі Святы Айцец Бэнэдыкт XVI указаў на пагрозу рэлятывізму для сапраўднай свабоды. У Новай зале Сіноду ў Ватыкане прайшоў дзень рэфлексіі і малітвы Папы з іерархамі напярэдадні кансісторыі, якая адбудзецца заўтра, 20 лістапада 2010 г. У сустрэчы ўдзельнічалі каля 150 іерархаў, у тым ліку тыя, хто заўтра будзе ўзведзены Пантыфікам у кардынальскую годнасць.

Папа закрануў дзве тэмы, прапанаваныя для сустрэчы: свабода Касцёла і значэнне літургіі ў жыцці Касцёла. Па словах Святога Айца, у наказе Пана абвяшчаць Евангелле заключана таксама патрабаванне свабоды яго абвяшчэння, у той час як у рэальнасці яно сустракае розныя перашкоды. Пантыфік указаў на сувязь праўды і свабоды, якія сёння стаяць перад вылікам рэлятывізму, што робіць выгляд, быццам дапаўняе паняцце свабоды, а на самой справе пагражае яе знішчэннем. Бэнэдыкт XVI падкрэсліў таксама значэнне літургіі ў жыцці Касцёла, якая з’яўляецца месцам сустрэчы Бога з намі і месцам, дзе жыве Праўда.

Закранаючы пытанне свабоды Касцёла, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал Тарчызіо Бэртонэ прадставіў шырокую панараму спробаў абмежавання вольнасці хрысціян у розных частках свету. Як заўважыў кардынал, на Захадзе сёння мы назіраем працэс секулярызацыі і спробу адсоўвання духоўных каштоўнасцяў на перыферыю грамадскага жыцця. Узгадвалася таксама аб сітуацыі ў ісламскіх краінах і аб укладзе ў гэтую справу нядаўняга пасяджэння Сіноду Біскупаў для Блізкага Усходу.

Кардынал Антоніо Канізарэс Лавэра нагадаў аб значэнні літургічнай малітвы ў жыцці Касцёла, спасылаючыся на вучэнне Другога Ватыканскага Сабору. Асабліва была падкрэслена важнасць вернасці літургічнай дысцыпліне.

Падчас сустрэчы выступілі таксама іншыя іерархі, якія закранулі пытанні свабоды веравызнання і цяжкасцяў, з якімі сустракаецца Касцёл у сваёй дзейнасці ва ўсім свеце. Абмяркоўваліся і праблемы абароны каштоўнасцяў, заснаваных на натуральным праве чалавека, такіх, як шанаванне жыцця і сям’і.

Сярод іншых пытанняў былі міжрэлігійны дыялог, асабліва дыялог з ісламам, выклікі, перад якімі стаіць сёння Касцёл, цэнтральнае месца Эўхарыстыі ў жыцці Касцёла і пашана, якую належыць аддаваць сакрамэнту Эўхарыстыі.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.