Бэнэдыкт XVI да біскупаў Філіпін аб прароцкай місіі Касцёла |
Святы Айцец |
29.11.2010 17:57 |
На значэнне прароцкай місіі Касцёла, яго ўдзелу ў грамадскім жыцці, абароне чалавечай годнасці і жыцця, а таксама клопаце аб найбяднейшых указаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас аўдыенцыі, якую ўдзяліў біскупам Філіпін, якія знаходзяцца ў Ватыкане з візітам ad limina Apostolorum. Звяртаючыся да іерархаў, Папа падкрэсліў значэнне жывой перадачы веры, каб сучаснае і будучыя пакаленні філіпінцаў маглі сустрэцца з радаснай весткай Евангелля. Касцёл, па словах Пантыфіка, павінен заўсёды падаваць свой голас, бо менавіта праз абвяшчэнне Евангелля можна атрымаць плёны, якія змяняюць жыццё. Гэты голас выяўляецца ў маральным і духоўным сведчанні жыцця вернікамі, а таксама ў публічным сведчанні, якое даюць біскупы як першыя настаўнікі Касцёла. Святы Айцец нагадаў, што Касцёл адказны за будаванне справядлівага і гуманнага грамадскага ладу праз абвяшчэнне праўдаў Евангелля. Прароцкая місія Касцёла патрабуе, каб ён мог свабодна абвяшчаць веру і даваць маральную ацэнку нават у пытаннях, якія датычаць палітыкі, калі гэтага патрабуюць фундаментальныя правы асобы або збаўленне душ. |