Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI да біскупаў Філіпін аб прароцкай місіі Касцёла
Святы Айцец
29.11.2010 17:57

На значэнне прароцкай місіі Касцёла, яго ўдзелу ў грамадскім жыцці, абароне чалавечай годнасці і жыцця, а таксама клопаце аб найбяднейшых указаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас аўдыенцыі, якую ўдзяліў біскупам Філіпін, якія знаходзяцца ў Ватыкане з візітам ad limina Apostolorum.

Звяртаючыся да іерархаў, Папа падкрэсліў значэнне жывой перадачы веры, каб сучаснае і будучыя пакаленні філіпінцаў маглі сустрэцца з радаснай весткай Евангелля. Касцёл, па словах Пантыфіка, павінен заўсёды падаваць свой голас, бо менавіта праз абвяшчэнне Евангелля можна атрымаць плёны, якія змяняюць жыццё. Гэты голас выяўляецца ў маральным і духоўным сведчанні жыцця вернікамі, а таксама ў публічным сведчанні, якое даюць біскупы як першыя настаўнікі Касцёла.

Святы Айцец нагадаў, што Касцёл адказны за будаванне справядлівага і гуманнага грамадскага ладу праз абвяшчэнне праўдаў Евангелля. Прароцкая місія Касцёла патрабуе, каб ён мог свабодна абвяшчаць веру і даваць маральную ацэнку нават у пытаннях, якія датычаць палітыкі, калі гэтага патрабуюць фундаментальныя правы асобы або збаўленне душ.

Бэнэдыкт XVI выказаў падзяку Касцёлу ў Філіпінах за яго ўдзел у справе абароны жыцця ад зачацця да натуральнай смерці, абароны сужэнства і сям’і. «У гэтых сферах вы абвяшчаеце праўду аб чалавеку і аб грамадстве, якая вынікае не толькі з Божага аб’яўлення, але і з натуральнага права», — адзначыў Пантыфік, ухваліўшы таксама дзейнасць філіпінскага Касцёла на карысць адмены смяротнага пакарання.

Папа падкрэсліў і значэнне прысутнасці Касцёла ў галіне масавай камунікацыі, каб «філіпінцы маглі знайсці падтрымку на шляху да поўнага жыцця ў Хрысце». Таксама Святы Айцец звярнуў увагу на важны аспект «місіі пракламавання жыццядайнага Божага слова», якім з’яўляецца клопат аб найбольш слабых і бедных членах грамадства. Не менш істотнай Пантыфік назваў барацьбу Касцёла з карупцыяй, бо «развіццё справядлівай і ўраўнаважанай эканомікі будзе магчымым толькі тады, калі настане яснае разуменне закона ва ўсё краіне».

Філіпіны — самая вялікая каталіцкай краіна ў Азіі. Католікі складаюць больш за 80% з яе 92-мільённага насельніцтва.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.