Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец пра значэнне цярплівасці і вытрываласці ў жыцці
Святы Айцец
13.12.2010 15:10

Пра значэнне цярплівасці і вытрываласці ў жыцці чалавека казаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі ў нядзелю 12 снежня 2010 г. Пасля малітвы «Анёл Панскі» Пантыфік удзяліў апостальскае благаслаўленне і звярнуўся да прысутных на італьянскай, французскай, англійскай, нямецкай, іспанскай, партугальскай, венгерскай і польскай мовах.

«У гэтую трэцюю нядзелю Адвэнту літургія прапануе нам фрагмент Паслання св. Якуба, які пачынаецца з закліку „Цярплівымі будзьце, браты, ажно да прыйсця Пана“ (пар. Як 5,7), — звярнуўся Папа на польскай мове. — Мне здаецца, што сёння, як ніколі, важна падкрэсліць значэнне цярплівасці і настойлівасці ў чаканні — цнотаў, якія былі натуральным „багажом“, але сёння сталі менш папулярнымі ў свеце, які цэніць перш за ўсё здольнасць змяняцца і адаптавацца да новых і розных сітуацый. Не ігнаруючы ні ў якім выпадку гэтых аспектаў, якія з’яўляюцца аднымі з якасцяў чалавека, Адвэнт заклікае нас да ўмацавання ўнутранай настойлівасці, сілы духа, што дазваляе нам не паддацца роспачы ў чаканні дабра, якое адкладвае свой прыход, і чакаць Яго, больш за тое — падрыхтавацца да Яго прыходу ў духу творчай надзеі».

«Вось земляроб чакае каштоўнага плоду зямлі (піша св. Якуб) і дзеля яго доўга церпіць, пакуль не атрымае плод, ранні і позні. Будзьце цярплівымі і вы, умацуйце вашыя сэрцы, бо набліжаецца прыйсце Пана (пар. Як 5,7–8), — чытаем словы Папы на сайце беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. — Параўнанне з земляробам вельмі красамоўнае: спачатку сее, некалькі месяцаў цярпліва і аддана чакае, і ведае, што за гэты час насенне праходзіць свой цыкл развіцця і росту дзякуючы восеньскім і вясновым дажджам. Земляроб — не фаталіст, ён паказвае своеасаблівы вобраз мыслення, які збалансавана аб’ядноўвае веру і розум. З аднаго боку, ведае законы прыроды і добра выконвае сваю працу, з другога, верыць у Провід, бо некаторыя фундаментальныя справы не ў яго руках, але ў Божых. Цярплівасць і настойлівасць ствараюць сінтэз паміж чалавечай актыўнасцю і даверам Богу».

«Умацуйце сэрцы вашыя» — кажа Святое Пісанне. Як мы можам гэта зрабіць? Як можам усё больш і больш умацоўваць нашыя сэрцы мы, такія далікатныя і ўсё больш няўстойлівыя, якімі нас робіць сённяшняя культура? — працягвае Пантыфік. — У нас не будзе недахопу дапамогі: ёю з’яўляецца Божае слова. Бо, калі ўсё праходзіць і змяняецца, слова Пана застаецца. Калі жыццёвы лёс прымушае нас адчуваць сябе страчанымі і ўся ўпэўненасць здаецца згубленай, у нас ёсць компас, каб знайсці накірунак, у нас ёсць якар, каб не быць выкінутымі ў бездань. Прыкладам для нас з’яўляюцца прарокі, гэта значыць тыя людзі, якіх Бог паклікаў прамаўляць ад Яго імя. Прарок знаходзіць сваю радасць і свае сілы ў слове Пана, і ў той жа час, калі людзі часта шукаюць шчасця на вуліцах, якое аказваецца фікцыяй, Ён абвяшчае рэальную надзею, якая не падманвае, таму што грунтуецца на вернасці Богу. Кожны хрысціянін моцай хросту атрымаў прарочую годнасць: няхай кожны нанава адкрые і адродзіць яе дзякуючы ўважліваму слуханню Божага слова. Няхай гэта выпрасіць для нас Дзева Марыя, якую Евангелле называе благаслаўлёнай, таму што яна „паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам (пар. Лк 1,4–5)».

 


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.