Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасланне Папы на Дзень сродкаў масавай камунікацыі: мы пакліканы, каб і на гэтым полі дзейнасці абвяшчаць нашу веру
Святы Айцец
24.01.2011 18:18

Адказна карыстацца Інтэрнэтам заахвоціў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI хрысціян усяго свету ў пасланні на 45 Дзень сродкаў масавай камунікацыі. Па словах Папы, Інтэрнэт можа быць цудоўным сродкам евангелізацыі, аднак карыстанне ім патрабуе крытычнага падыходу, сведчання веры і абуджэння пытанняў, якія крыюцца ў чалавечай натуры.

«Новыя тэхналогіі змяняюць не толькі спосаб камунікацыі, але і саму камунікацыю, таму можна сцвярджаць, што мы стаім перад абліччам шырокай культурнай трансфармацыі, — адзначаецца ў пасланні. — Разам з такім спосабам распаўсюджвання інфармацыі і ведаў нараджаецца новы спосаб навучання і мыслення, з магчымасцю ўсталявання кантактаў і будавання супольнасці».

«Як кожны плён чалавечага генія, новыя тэхналогіі трэба паставіць на службу інтэгральнаму дабру асобы і ўсяго чалавецтва, — падкрэслівае ў дакуменце Папа. — Калі яны мудра выкарыстоўваюцца, то могуць дапамагчы ў заспакаенні прагнення сэнсу, праўды і еднасці, якія застаюцца найглыбейшымі жаданнямі чалавека».

Як адзначаецца ў пасланні, новымі тэхналогіямі найбольш шырока карыстаецца моладзь. Сацыяльныя сеткі дапамагаюць ёй усталёўваць новыя кантакты, і, між іншым, нараджаецца пытанне «не толькі аб сэнсе сваёй дзейнасці, але і аб аўтэнтычнасці свайго існавання». Прысутнасць у віртуальнай прасторы можа быць знакам пошуку сустрэчы з іншым чалавекам, але павінна звяртацца ўвага і на такія небяспекі, як знаходжанне ў нейкім паралельным свеце або празмерная накіраванасць на віртуальны свет.

«Новыя тэхналогіі дапамагаюць людзям сустрэцца, нягледзячы на геаграфічныя і культурныя межы, даючы такім чынам пачатак цэламу свету новай любові. Гэта вялікі шанс, але гэтыя сувязі варта разгледзець з вялікай увагай і ўсведамленнем магчымых пагрозаў. Хто з’яўляецца маім „бліжнім“ у гэтым новым свеце? Ці не буду я аддаваць менш увагі тым, каго сустракаю ў сваім звычайным штодзённым жыцці? Ці не будзе наша ўвага захоплена нейкім іншым светам, а не тым, у якім жывём? Важна заўсёды памятаць, што віртуальны кантакт не можа і не павінен знішчаць непасрэдны кантакт з людзьмі ва ўсіх сферах нашага жыцця», — падкрэслівае Святы Айцец.

У лічбавай эры кожная асоба застаецца непаўторнай. На прыкладзе сацыяльных сетак можна ўпэўніцца, што кожны чалавек захоплены тым, аб чым распавядае. «Калі людзі абменьваюцца інфармацыяй, дзеляцца сваім бачаннем свету, сваімі надзеямі, ідэаламі, можна зрабіць выснову, што існуе і хрысціянскі стыль прысутнасці ў лічбавым свеце: ён прымае форму шчырай і адкрытай камунікацыі, адказнай і такой, якая з павагай ставіцца да іншых. Такім чынам, усе паводзіны хрысціяніна ў Інтэрнэце «павінны быць поўнасцю згоднымі з Евангеллем, нават калі прама аб ім не гаворыцца». Больш за тое — «нават у лічбавым свеце нельга абвяшчаць Евангелле без сапраўднага сведчання таго, хто яго абвяшчае».

«Мы мусім усведамляць, што праўда, якой мы стараемся дзяліцца з іншымі, не чэрпае сваю каштоўнасць з „папулярнасці“ або ўвагі, якую прыцягвае. Мы мусім учыніць, каб яе прынялі ва ўсёй яе паўнаце. Яна павінна стаць штодзённым пасілкам, а не хвілінным упрыгожаннем», — адзначае ў пасланні Пантыфік.

Святы Айцец заахвоціў хрысціян «з даверам і свядомай і адказнай крэатыўнасцю ўключацца ў сетку адносінаў, якія зрабіла магчымымі лічбавая эпоха». «Інтэрнэт з’яўляецца інтэгральнай часткай чалавечага жыцця, ён спрыяе развіццю новых і больш складаных форм інтэлектуальнай і духоўнай свядомасці. Мы пакліканы, каб і на гэтым полі дзейнасці абвяшчаць нашу веру, што Хрыстус ёсць Богам», — дадаецца ў дакуменце.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме