Пантыфік да цыганаў: вы — узлюбленая частка пілігрымуючага народа Божага |
Святы Айцец |
13.06.2011 12:52 |
У суботу 11 чэрвеня 2011 г. Святы Айцец прыняў на агульнай аўдыенцыі каля 1400 цыган-пілігрымаў, якія прадстаўлялі розныя этнічныя групы гэтага народа. Нагодай стала 150-годдзе з дня нараджэння мучаніка цыганскага паходжання бл. Зефірына Гімэнеса Маллы. «Вы — узлюбленая частка пілігрымуючага народа Божага. Вы нагадваеце нам, што мы не маем тут пастаяннага горада, але шукаем будучага», — адзначыў Папа. Пантыфік адзначыў, што на сённяшні дзень у Індыі цыганамі з’яўляецца адзін біскуп, два генеральных вікарыя, 25 святароў, 30 сясцёр законных. «Ваш народ падарыў Касцёлу благаслаўлёнага Зефірына, які захоўваў вернасць сваёй цыганскай ідэнтычнасці і разам з тым любіў Касцёл, штодня ўдзельнічаў у Эўхарыстыі і маліўся на ружанцы». Сваімі жыццёвымі сведчаннямі падзяліліся чацвёра цыганаў. Адна з іх, Цеія Стойка з Аўстрыі распавяла пра час прабывання ў лагерах смерці, у тым ліку ў Асвенціме. «Сумленне Еўропы ніколі не зможа забыць такіх вялікіх пакутаў! Ваш народ ніколі больш не павінен быць прыгнечаным, адкінутым, пагарджаным. А вы са свайго боку імкніцеся заўсёды жыць праведна, у згодзе з законам, імкніцеся да міру паміж людзьмі, нікому не чыніце зла», — звярнуўся да пілігрымаў Папа. На думку Святога Айца цыгане павінны абраць для свайго народа шлях, на якім магчыма інтэграванне з карысцю для яго і ўсяго грамадства. |