Святы Айцец: любоў заўсёды шануе свабоду |
Святы Айцец |
11.07.2011 12:38 |
У нядзелю 10 ліпеня 2011 г. адбылася традыцыйная малітва «Анёл Панскі» з
удзелам Святога Айца Бэнэдыкта XVI. Прайшла яна ў летняй рэзідэнцыі ў
Кастэль Гандольфа, куды 7 ліпеня прыбыў на адпачынак Пантыфік. Напачатку Святы Айцец падзякаваў усім прысутным за тое, што прыбылі на супольную малітву. У прамове Папа звярнуўся да нядзельнага евангельскага ўрыўку пра сейбіта. Па словах Бэнэдыкта XVI, гэтую прыпавесць можна назваць аўтабіяграфічнай, бо такі досвед прапаведавання меў і сам Хрыстус. «Евангелле таксама звяртае ўвагу на „метад“ прапаведвання Езуса — выкарыстанне прыпавесцяў. „Чаму ў прыпавесцях звяртаешся да іх?“ — пытаюцца вучні (Мц 13, 10). І Езус адказвае, адрозніваючы іх ад натоўпу: да вучняў, гэта значыць да тых, хто ўжо выбраў Яго, Ён можа адкрыта казаць пра Валадарства Божае, а іншым павінен абвяшчаць тое ж з дапамогай прыпавесцяў менавіта для таго, каб стымуляваць іх рашэнне, навяртанне сэрца. Прыпавесці па сваёй прыродзе патрабуюць намаганняў інтэрпрэтацыі, патрабуюць інтэлекту і свабоды», — прыводзіць словы Папы Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. Але ж, як падкрэсліў Святы Айцец, сапраўднай «прыпавесцю» з’яўляецца «сам Езус, Яго асоба, якая за чалавечнасцю ўтойвае, і ў той жа час паказвае, боскасць». «Такім чынам, Бог не прымушае нас верыць у Яго, але прыцягвае нас да сябе праўдай і дабрынёю свайго ўцелаўлёнага Сына: бо любоў заўсёды шануе свабоду», — адзначыў Пантыфік. Пасля малітвы Святы Айцец нагадаў, што 10 ліпеня ў свеце адзначаецца «Марская нядзеля», Дзень апостальства людзей мора. З гэтай нагоды Папа прывітаў святароў і валанцёраў, якія працуюць у душпастырстве маракоў і рыбакоў, а таксама іх сем’і. |