Апублікавана Апостальская адгартацыя «Africae munus» |
Святы Айцец |
21.11.2011 11:04 |
Адным з галоўных пунктаў пастырскага візіту Святога Айца Бэнэдыкта XVI у Бенін стала перадача біскупам Афрыкі паслясінадальнай апостальскай адгартацыі «Africae munus». Дакумент быў падпісаны 19 лістапада 2011 г. у базыліцы Беззаганага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі горада Уіда, а 20 лістапада перададзены біскупам кантынента. Адгартацыя складаецца з дзвюх частак. У першай абмяркоўваюцца асноўныя напрамкі евангелізацыйнай місіі Касцёла ў Афрыцы, якому перш за ўсё патрэбны прымірэнне, справядлівасць і мір. У другой частцы дакумента звяртаецца ўвага на апостальскую дзейнасць Касцёла, асабліва ў галіне адукацыі, аховы здароўя і СМІ. Як паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё, шмат увагі ў адгартацыі надаецца надзеі. Папа ўсведамляе багацце інтэлектуальнай, культурнай і рэлігійнай спадчыны афрыканскага кантынента, а таксама цяжкасць выклікаў, якія сёння стаяць перад ім. Святы Айцец заахвочвае жыхароў Афрыкі ўсё больш адкрывацца на Хрыста і Яго любоў, а таксама аднаўляць жыццё свайго кантынента. «Афрыка павінна пачуць голас Хрыста, які абвяшчае любоў да бліжняга і нават да ворагаў», — чытаем у дакуменце. Папа адзначае, што прымірэнне з Богам і з бліжнім «неабходна ў справе будавання супольнасці асоб і народаў», а значыць і міру. «Афрыканскія грамадствы глыбока параненыя грамадзянскімі войнамі і генацыдам» патрабуюць унутранага ачышчэння і прабачэння, каб «падзеленыя сем’і адшукалі згоду». Для паспяховага прымірэння, неабходна «прыцягнуць да адказнасці тых, хто вінаваты ў канфліктах і злачынствах, хто спрыяе кантрабандзе». «Неабходна вызначыць іх адказнасць, каб такія трагедыі больш не паўтарыліся», — падкрэслівае Пантыфік. Папа адзначае, што хоць «будаванне справядлівага грамадскага парадку належыць да кампетэнцыі палітычнай сферы», але «адным з заданняў Касцёла ў Афрыцы з’яўляецца фарміраванне новых сумленняў, уважлівых да патрэбаў справядлівасці». У духу салідарнасці і міласэрнасці, паводле логікі евангельскіх благаслаўленняў, «трэба звярнуць асаблівую ўвагу на бедных, галодных, хворых, бежанцаў, вязняў, эмігрантаў і эвакуіраваных», — адзначае Папа. Касцёл дапамагае фарміраваць новую Афрыку, агучваючы «нямы крык пераследаваных, нявінных людзей і цэлых народаў, якіх кіруючыя краінамі абцяжарваюць дзеля сваіх прыватных інтарэсаў». У адгартацыі звяртаецца ўвага на тое, што дасягненню прымірэння, справядлівасці і міру служыць катэхізацыя, якая вядзе да сапраўднага навяртання, да жыцця праўдай. Трэба сур’ёзна аналізаваць традыцыйныя афрыканскія абрады прымірэння, каб ацаніць іх пазітыўныя аспекты для інкультурацыі Евангелля. Яны могуць дапамагчы ў перажыванні сакрамэнту споведзі, аднак ніколі не змогуць яго замяніць. Папа адзначае, што асаблівай абароны патрабуе сям’я, якой пагражаюць аборты, разводы, рэлятывізм новай этыкі і змена сэнсу сужэнства і мацярынства, а таксама звяртае ўвагу на неабходнасць павагі жанчын. Палітыкаў Святы Айцец заклікае падтрымліваць развіццё школьнай адукацыі, змагацца з непісьменнасцю і за адмену смяротнага пакарання, паважаць дэмакратычныя законы, супольнае дабро і змагацца з карупцыяй. |