Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: таямніца цярпення не павінна засланяць Бога
Святы Айцец
28.11.2011 15:29

З 24 па 26 лістапада 2011 г. у Ватыкане праходзіла Міжнародная канферэнцыя «Пастырства медыцынскіх работнікаў і служэнне жыццю ў святле навучання бл. Яна Паўла ІІ». У апошні дзень форуму яго ўдзельнікаў прыняў Святы Айцец  Бэнэдыкт XVI.

Пантыфік, між іншым, нагадаў, што менавіта яго папярэднік, бл. Ян Павел ІІ, заснаваў у 1985 г. Папскую раду пастырства работнікаў сферы аховы здароўя.

«Цярпенне, — пакрэсліў Папа, — належыць да трансцэндэнтнасці чалавека: гэта адзін з тых момантаў, у якім чалавек, у пэўным сэнсе, асуджаны пераўзыходзіць самога сябе, і да чаго містычным чынам пакліканы».

Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што «таямніца цярпення, здаецца, засланяе аблічча Бога, так, як бы Ён быў чужым ці нават адказным за боль, які перажыў чалавек». «Аднак вочы веры здольныя зазірнуць у глыбіню таямніцы. Бог уцелавіўся, стаў блізкім чалавеку таксама ў самых складаных сітуацыях. Не выкрэсліў цярпенне. Але і ва ўкрыжаваным і змёртвыхпаўсталым Божым Сыне, які цярпеў аж да смерці, смерці крыжовай, аб’явіў, што Яго любоў таксама спускаецца ў глыбокую бездань чалавека, каб даць яму надзею», — дадаў Святы Айцец.

У канферэнцыі, арганізаванай Папскай радай пастырства работнікаў сферы аховы здароўя, прымалі ўдзел каля 800 чалавек. Беларусь прадстаўляў біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.