Папа да студэнтаў Рыма: шукайце аблічча Бога |
Святы Айцец |
16.12.2011 16:30 |
Цярпліва шукаць аблічча Бога заахвоціў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI студэнтаў вышэйшых навучальных установаў Рыма. Традыцыйна за некалькі дзён да Божага Нараджэння, сёлета 15 снежня, Папа сустрэўся са студэнтамі Вечнага горада ў ватыканскай базыліцы. Святы Айцец прапанаваў паразважаць над словамі з Паслання св. Апостала Якуба, у якіх Апостал заахвочвае цярпліва трываць ажно да прыйсця Пана. Па словах Пантыфіка, сёння многія людзі пытаюцца, ці варта верыць у Дзіцятка, якое ў ноч Божага Нараджэння знаходзім у стаенцы. Заахвочванне Апостала да цярплівага трывання — шлях да глыбокага прыняцця Бога, значэння, якое Ён надае жыццю і гісторыі. «Мы не патрабуем бога агульнага і неакрэсленага, але Бога жывога і сапраўднага, які адкрывае гарызонт будучыні чалавека на перспектыву моцнай і пэўнай надзеі», — адзначыў Папа. Словы св. Якуба нагадваюць нам, што Бог не далёка ад чалавека — Ён схіліўся над ім і прыняў чалавечае цела, каб чалавек зразумеў, што ў Хрысце знаходзіцца аснова ўсяго. |