Сам Божы Сын зведаў цяжар турэмнга заключэння. Святы Айцец наведаў вязняў |
Святы Айцец |
19.12.2011 11:31 |
18 снежня 2011 года Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI наведаў рымскую турму «Rebibbia». У прамове да вязняў Пантыфік адзначыў, што прыбыў сюды, каб сказаць, што Бог іх любіць бязмежнай любоўю. «Сам Божы Сын зведаў турэмнае заключэнне, прадстаў перад судом і быў асуджаны на смерць, — адзначыў Папа. — Людская і Божая справядлівасць вельмі розныя. Людзі не ў стане прымяняць Божую справядлівасць, але павінны прынамсі паважаць яе, разумець глыбокі дух, які яе ажыўляе, каб асвятліць людскую справядлівасць і не выключаць вязня з грамадства. Бог абвяшчае справядлівасць і ў той жа час лечыць раны алеем міласэрнасці». Папа адзначыў, што турэмная сістэма павінна прытрымлівацца двух асноўных прынцыпаў: з аднаго боку павінна ахоўваць грамадства ад пагроз, а з другога — вярнуць да грамадства таго, хто заблукаў у сваім жыцці. «Я ведаю, што перапоўненасць і дэградацыя ў турмах могуць зрабіць яшчэ больш цяжэйным прабыванне ў іх. Я атрымаў шмат лістоў ад зняволеных, якія гэта пацвярджаюць. Важна, каб кіраўнічыя ўстановы садзейнічалі ўважліваму аналізу сітуацыі ў турмах, каб праверылі структуры, рэсурсы, персанал такім чынам, каб асуджаныя ніколі не адбывалі „падвойнага зняволення”», — прыводзіць словы Папы Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. «Кожны са зняволеных хоча выйсці з гэтай турмы, каб быць па-сапраўднаму свабодным ад зла, бяды і смерці. Толькі Дзіцятка, якое неўзабаве будзе ляжаць у яслях, у стане даць усім поўную свабоду», — падкрэсліў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. |