Папа сустрэўся з працаўнікамі Рымскай Курыі |
Святы Айцец |
23.12.2011 10:39 |
Напярэдадні святаў Божага Нараджэння 22 снежня 2011 года Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэўся з супрацоўнікамі Рымскай Курыі. Пантыфік нагадаў пра асноўныя падзеі з жыцця Касцёла ў гэтым годзе і падзякаваў прысутным за адданую працу. Святы Айцец закрануў праблему шматлікіх выклікаў, перад якімі стаіць сёння Каталіцкі Касцёл, узгадаў асноўныя важныя сустрэчы і папскія падарожжы гэтага года, акрэсліўшы іх мэты. Кажучы пра візіт у Бенін, Пантыфік адзначыў, што сустрэў там веру гатовых да ахвярнасці людзей, якая «з’яўляецца выдатным лекам ад стомленасці быць хрысціянамі, што мы бачым у Еўропе». Такім лекам, па словах Папы, стаў Сусветны дзень моладзі ў Мадрыдзе. Святы Айцец падкрэсліў, што гэта была новая, жывая евангелізацыя. «Толькі вера дае нам упэўненасць у нашым жыцці. Вера робіць нас шчаслівымі ў жыцці. І гэта адзін з выдатных вопытаў Сусветных дзён моладзі», — перадае словы Папы Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. Кажучы пра Міжрэлігійную сустрэчу ў Асізі, Святы Айцец заахвоціў мець надзею, «каб з гэтай сустрэчы нарадзілася новая гатоўнасць служыць міру, згодзе і справядлівасці». Бэнэдыкт XVI падзякаваў супрацоўнікам Рымскай Куры за адданую працу і пажадаў благаслаўлёных святаў Божага Нараджэння і Божай дапамогі ў будучым годзе. |