Зацверджана літургія Неакатэхуменальнага шляху |
Святы Айцец |
23.01.2012 11:12 |
20 студзеня 2012 года Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэўся з прадстаўнікамі руху «Неакатэхуменальны шлях», а Папская рада па справах свецкіх зацвердзіла яго адмысловую літургію. У паведамленні ватыканскага ведамства з гэтай нагоды адзначаецца, што ў 2008 г. была зацверджана канчатковая версія статутаў Нэакатэхуменальнага шляху, а ў 2010 г. — спецыяльна распрацаваны гэтым каталіцкім рухам Катэхетычны даведнік. У дэкрэце, выдадзеным Папскай радай, адзначаецца, што пасля кансультацый з Кангрэгацыяй Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў было сцверджана, што літургічныя цэлебрацыі, змешчаныя ў Катэхетычным даведніку, «не з’яўляюцца спрэчнымі з ужо прынятымі нормамі літургіі Касцёла». Такія літургіі характарызуюцца разважаннямі перад чытаннямі і асабістымі разважаннямі ўдзельнікаў руху пасля гаміліі, а таксама іншымі асаблівасцямі. «Касцёл прызнаў у Неакатэхуменальным шляху асаблівы дар, які Дух Святы даў для нашага часу, і зацвердзіў яго статут і Катэхетычны даведнік, што з’яўляецца яскравым знакам», — адзначыў Святы Айцец падчас сустрэчы. На аўдыенцыі прысутнічаў кс. Славамір Ласкоўскі, пробашч парафіі Нараджэння Маці Божай у Гомелі. Як паведамляе Ватыканскае радыё, Пантыфік падкэсліў вялікую ролю руху ў абвяшчэнні навучання Хрыста. На сённяшні дзень Неакатэхуменальны шлях існуе ў 110 краінах свету, у тым ліку і ў Беларусі. Да яго належаць каля 300 тысяч асоб.
|