Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец наведаў духоўную семінарыю ў Рыме
Святы Айцец
16.02.2012 10:44

15 лютага 2012 г. Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI наведаў рымскую Вышэйшую духоўную семінарыю на Латэране з нагоды свята нябеснай заступіцы ўстановы Маці Божай Даверу, якое адзначаецца 18 лютага. Пантыфік звярнуўся да навучэнцаў з разважаннем «lectio divina» і раздзяліў з імі вячэру.

У разважаннях Святы Айцец звярнуўся да словаў апостала Паўла з Паслання да Рымлянаў аб тым, каб не бралі прыкладу з гэтага свету, але перамяняліся праз аднаўленне розуму, каб умець распазнаваць волю Бога. На думку Папы, гэтыя словы не азначаюць неабходнасць хавацца ад свету, але ўказваюць шлях сапраўднай свабоды.

Любоў да свету, па словах Пантыфіка, выражаецца ў нонканфармізме ў дачыненні да свету фінансаў і СМІ.

«Улада неабходных і карысных фінансаў і сродкаў масавай інфармацыі з часам можа пагражаць панаваннем чалавека. Ён не становіцца прыладай, якая служыць чалавецтву, але прыгнятаючым ярмом», — падкрэсліў Бэнэдыкт XVI.

Папа нагадаў таксама, што грошы часта могуць стаць мамонай — фальшывым бажком, і заклікаў кандыдатаў да святарства быць у гэтым сэнсе нонканфармістамі, выкарыстоўваючы фінансы выключна як сродак і захоўваючы пры гэтым свабоду дзяцей Божых.

На думку Святога Айца, заахвочванне апостала Паўла даць сваё цела на жывую ахвяру з’яўляецца заклікам да поўнага адзінства з Богам.

«Мы павінны па-сапраўднаму быць прасякнутымі Божай рэальнасцю, каб усё наша жыццё, а не толькі некаторыя думкі, былі літургіяй, адарацыяй», — сказаў Святы Айцец да семінарыстаў.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.