Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: літургія Вялікага посту спрыяе духоўнаму аднаўленню
Святы Айцец
23.02.2012 10:33

У Папяльцовую сераду, 22 лютага 2012 г., Святы Айцец Бэнэдыкт XVI па традыцыі сустрэўся з вернікамі на агульнай аўдыенцыі. Пантыфік нагадаў, што ў першыя стагоддзі жыцця Касцёла саракадзённы перыяд падрыхтоўкі да Вялікадня быў часам, калі тыя, хто пачуў і прыняў Хрыста, пачыналі крок за крокам навяртацца, узрастаць у веры і рыхтавацца да прыняцця сакрамэнту хросту.

«Удзел усёй супольнасці ва ўсіх этапах вялікапоснага перыяду падкрэслівае важнае вымярэнне хрысціянскай духоўнасці: адкупленне датычыць не абраных, але стала даступнае кожнаму, дзякуючы смерці і ўваскрасенню Хрыста», — прыводзіць словы Папы Ватыканскае радыё.

Пантыфік адзначыў, што сорак дзён Вялікага посту з’яўляюцца сімвалічнай лічбай, якой у Старым і Новым Запавеце азначаецца чаканне, ачышчэнне, выпрабаванне і вяртанне Пана, вернага сваім абяцанням. Нават Езус перш чым пачаць публічную дзейнасць на працягу сарака дзён заставаўся ў пустыні без ежы і вады, але насычаўся словам Божым, якое выкарыстоўваў у якасці зброі супраць сатаны.

«Хрысціянская літургія Вялікага посту мае на мэце спрыяць шляху духоўнага аднаўлення ў святле гэтага біблійнага вопыту і перш за ўсё навучыць наследаваць Хрыста, які на працягу сарака дзён, праведзеных у пустыні, вучыць нас перамагаць спакусы з дапамогай Божага слова», — адзначыў Святы Айцец.

«Для сённяшняга Касцёла час пустыні можа перамяніцца ў час ласкі, калі мы будзем мець упэўненасць у тым, што з самай цвёрдай скалы можа выцечы жывая вада, якая насычае і аднаўляе», — дадаў Пантыфік.

Напрыканцы аўдыенцыі Святы Айцец Бэнэдыкт XVI заклікаў вернікаў на працягу Вялікага посту з адвагай і цярплівасцю прымаць цяжкія сітуацыі і выпрабаванні і верыць у тое, што цемру Пан пераменіць у новы дзень.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.