Бэнэдыкт XVI: Пан кліча заўсёды, але часта мы Яго не слухаем |
Святы Айцец |
30.04.2012 10:40 |
У нядзелю 29 красавіка Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэўся са шматлікімі пілігрымамі, якія сабраліся на плошчы Святога Пятра ў Рыме, каб разам памаліцца «Regina Caeli». У кароткай прамове, скіраванай да вернікаў, Пантыфік распавёў аб святарскім пасвячэнні, якое раніцай удзяліў у ватыканскай базыліцы дзевяці дыяканам. Бэнэдыкт XVI заклікаў вернікаў убачыць у сваім жыцці праявы Божай любові і маліцца аб пакліканнях да святарства. «Дарагія браты і сёстры, некалькі гадзін таму ў базыліцы святога Пятра скончылася святая Імша, падчас якой я ўдзяліў святарскае пасвячэнне дзевяці дыяканам з Рымскай дыяцэзіі. Падзякуем Богу за гэты дар, знак Яго вернай і прадбачлівай любові да Касцёла! З’яднаемся духоўна вакол гэтых новых святароў і памолімся, каб упоўні прынялі ласку сакрамэнту, дзякуючы якому яны сталі падобнымі да Езуса — Святара і Пастыра. Памолімся, каб усе маладыя людзі былі ўважлівымі да голасу Бога, які прамаўляе ўнутры іх сэрцаў і кліча адмовіцца ад усяго і служыць Яму», — адзначыў Пантыфік. «Гэтай мэце прысвечаны Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях. Сапраўды, Пан кліча заўсёды, але часта мы Яго не слухаем. Мы прывязаны да многіх рэчаў, да павярхоўнага; акрамя таго, мы баімся слухаць голас Пана, бо думаем, што Ён можа забраць нашу свабоду. У сапраўднасці ж, кожны з нас з’яўляецца пладом любові: канешне, любові бацькоў, але ў самай глыбіні — любові Бога. Біблія кажа: калі нават твая маці цябе забудзе, я не забуду цябе, бо ведаю цябе і люблю (пар. Іс 49, 15). У момант, калі зразумею гэта, маё жыццё зменіцца: яно стане адказам на гэтую любоў, большую за любую рэч, цалкам рэалізуецца мая свабода», — прыводзіць словы Папы Ватыканскае радыё. «Дарагія сябры, памолімся за Касцёл, за кожную мясцовую супольнасць, каб стала, як дагледжаны сад, у якім могуць заквітнець і ўзрастаць усе зерні пакліканняў, якія Бог сее ў дастатку. Памолімся, каб паўсюль клапаціліся аб гэтым садзе і ў радасці адчувалі, што кожны пакліканы ў адметнасці дароў. Асабліва, каб сем’і сталі тымі першымі асяродкамі, у якіх „дыхае” любоў Бога і якая дае ўнутраную сілу таксама ў цяжкасцях і жыццёвых выпрабаваннях», — заклікаў Святы Айцец. |