Бэнэдыкт XVI прыняў даверчыя граматы новых паслоў |
Святы Айцец |
04.05.2012 15:00 |
4 мая Бэнэдыкт XVI прыняў даверчыя граматы ад новых паслоў, якія будуць прадстаўляць Арменію, Ірландыю, Малайзію, Фіджы і Эфіопію пры Святым Пасадзе. У прамове да іх Святы Айцец падкрэсліў неабходнасць хуткага рэагавання на выклікі, бо планета стала зусім «маленькай», дзякуючы сродкам камунікацыі. Небяспечнымі ў сучасным свеце Папа назваў урбанізацыю, узброеныя канфлікты, голад і пандэміі, распаўсюджванне беднасці і яе новыя формы. «Выяўленне вялікіх пакут ва ўсім свеце, матэрыяльнай і духоўнай беднасці і галечы патрабуе новых падыходаў для справядлівых і салідарных рашэнняў, якія б адвялі пагрозу ад чалавека, грамадства і асяроддзя», — прыводзіць словы Святога Айца Ватыканскае радыё. Пантыфік, звяртаючыся да дыпламатаў, падкрэсліў важнасць павышэння ўвагі дзяржаў да адукацыі, гістарычнай, культурнай і рэлігійнай спадчыны. На заканчэнне сустрэчы Бэнэдыкт XVI заверыў паслоў у асабістай падтрымцы і пажадаў плённай працы. |