Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI сустрэўся з кіраўнікамі Папскіх місійных таварыстваў
Святы Айцец
11.05.2012 14:22

11 мая 2012 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў у Апостальскім палацы нацыянальных дырэктараў Папскіх місійных таварыстваў з розных краін свету, якія сабраліся ў Рыме на сваёй штогадовай асамблеі.

Падчас сустрэчы Пантыфік адзначыў, што «місійная дзейнасць заўсёды мае характар тэрміновай неабходнасці, асабліва ў нашыя часы вялікіх перамен». На думку Святога Айца, неабходна ўзмацняць намаганні, каб як мага больш людзей і народаў пазнаёміліся з Праўдай, якой з’яўляецца Езус Хрыстус.

«Сёння місіі патрабуюць аднаўлення даверу да Божага дзеяння і больш інтэнсіўнай малітвы, каб прыйшло Яго Валадарства, каб была Яго воля як у Небе, так і на зямлі», — прыводзіць словы Бэнэдыкта XVI Ватыканскае радыё.

Святы Айцец падкрэсліў, што менавіта Папскім місійным таварыствам асаблівым чынам даверана заданне падтрымліваць слуг Евангелля, «дапамагаючы захоўваць радасць евангелізацыі, нават калі даводзіцца сеяць у слязах». Папа адзначыў, што сабраныя з’яўляюцца «бачным знакам камуніі, якая існуе паміж людзьмі і сродкамі Касцёла, якія, як спалучаныя сасуды, пражываюць адно і тое ж місійнае пакліканне і запал, і ў кожным кутку зямлі працуюць, сеючы слова праўды ва ўсіх народах і культурах».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.