Бэнэдыкт XVI да кардыналаў: мы ўсе разам і з Панам |
Святы Айцец |
22.05.2012 12:52 |
21 мая ў Герцагскай зале Апостальскага палацу ў Ватыкане адбыўся ўрачысты абед Бэнэдыкта XVI з членамі Калегіі кардыналаў. Такім чынам Святы Айцец хацеў падзякаваць сваім найбліжэйшым супрацоўнікам за віншаванні, якія атрымаў з нагоды свайго 85-годдзя. Звяртаючыся да прысутных, Пантыфік прапанаваў паразважаць над паняццем «Ecclesia militans» — «Касцёл-змагар». Папа нагадаў, што сёння зло адкрыта імкнецца «дамінаваць у свеце», і таму неабходна ўвайсці з ім у барацьбу. «Мы бачым, што гэта барацьба ажыццяўляецца па-рознаму, жорсткімі і часам гвалтоўнымі метадамі, замаскіраванымі пад дабро і менавіта таму разбуральнымі для фундаментаў маралі ў грамадстве», — прыводзіць словы Бэнэдыкта XVI Ватыканскае радыё. Пантыфік нагадаў словы св. Аўгустына аб тым, што ў гісторыі існуе пастаянная барацьба паміж двума відамі любові: любоўю да сябе і любоўю да Бога, якая характарызуецца поўным самаадданем аж да мучаніцтва. «Вы мае сябры і я адчуваю сябе як дома, я адчуваю сябе ў кампаніі вялікіх сяброў, якія заўсёды побач са мной, мы ўсе разам і з Панам», — прамовіў Святы Айцец да кардыналаў. «Мы „каманда” Пана, гэта значыць — „каманда” пераможцаў!”» — дадаў Святы Айцец. |