Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: Чэмпіянат Еўропы па футболе павінен спрыяць логіцы братэрства
Святы Айцец
08.06.2012 11:06

8 чэрвеня 2012 г. у Польшчы і ва Украіне распачынаецца Чэмпіянат Еўропы па футболе. З гэтай нагоды Святы Айцец Бэнэдыкт XVI скіраваў спецыяльнае пасланне да старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Польшчы арцыбіскупа Юзафа Міхаліка.

У ім Святы Айцец адзначыў, што ў гэтай спартыўнай падзеі ўдзельнічаюць не толькі арганізатары, спартсмены і балельшчыкі, але розным чынам і ў розных праявах усё грамадства.

«Таксама і Касцёл не застаецца абыякавым да гэтай падзеі, асабліва ў забеспячэнні духоўных патрэбаў тых, хто ўдзельнічае ў ёй. З удзячнасцю я ўспрыняў інфармацыю аб тым, што падчас гэтых гульняў адбудуцца катэхетычныя сустрэчы, малітвы і святыя Імшы», — прыводзіць словы Папы Ватыканскае радыё.

«Камандныя віды спорту, асабліва футбол, з’яўляюцца важнай школай у выхаванні пачуцця павагі да іншага, асабліва да спартыўнага праціўніка, у духу асабістай ахвярнасці на карысць дабра ўсёй каманды праз павышэнне якасці кожнага элементу, які яе стварае. Адным словам, у пераадоленні логікі індывідуалізму і эгаізму, якімі часта характарызуюцца чалавечыя адносіны», — адзначыў Пантыфік і дадаў, што спартыўныя мерапрыемствы павінны спрыяць логіцы братэрства і любові на ўсіх узроўнях, будуючы сапраўднае супольнае дабро.

«У малітве я давяраю Богу душпастыраў, валанцёраў, футбалістаў, балельшчыкаў і ўсіх тых, хто займаецца падрыхтоўкай і правядзеннем чэмпіянату», — адзначыў напрыканцы паслання Святы Айцец.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.