Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI пра значэнне Эўхарыстыі і эўхарыстычнай адарацыі
Святы Айцец
11.06.2012 10:48

Значэнню сакрамэнту Эўхарыстыі, эўхарыстычнай адарацыі, а таксама ўрачыстасці Цела і Крыві Хрыста прысвяціў агульную аўдыенцыю ў нядзелю 10 чэрвеня Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. Пантыфік звярнуўся да прысутных на плошчы Святога Пятра перад малітвай «Анёл Панскі».

Напачатку прамовы Папа нагадаў, што ў гэтую нядзелю ў Італіі і многіх іншых краінах святкуецца ўрачыстасць Цела і Крыві Хрыста.

«Урачыстасць „Corpus Domini“ з’яўляецца вялікім актам публічнага культу Эўхарыстыі, сакрамэнту, у якім Пан застаецца прысутным таксама пераўзыходзячы час цэлебрацыі, каб быць заўсёды з намі на працягу гадзін і дзён», — адзначыў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI.

«Таму ў касцёлах самым сакральным месцам з’яўляецца тое, дзе захоўваецца Эўхарыстыя, — дадаў Пантыфік. — З гэтай нагоды я не магу не думаць без пачуццяў аб шматлікіх касцёлах, якія былі сур’ёзна пашкоджаны землятрусам ў Эміліі-Раман’і і аб факце, што таксама і эўхарыстычнае Цела Хрыста ў табэрнакулюмах у некаторых выпадках засталося пад заваламі. З любоўю малюся за супольнасці, якія разам са сваімі святарамі павінны сабрацца для ўдзелу ў святой Імшы на адкрытым паветры ці ў вялікіх палатках; я дзякую вам за сведчанне і за тое, што вы робіце для ўсяго народа. Гэтая сітуацыя яшчэ больш узвышае важнасць быцця аб’яднанымі ў імя Пана і сілы, якая паходзіць з Эўхарыстычнага Хлеба, які называюць таксама „хлебам пілігрымаў“. Ад дзялення гэтым хлебам нараджаецца і аднаўляецца здольнасць дзяліцца таксама жыццём і дабротамі, несці цяжары адно аднаго, быць гасціннымі і адкрытымі».

Урачыстасць Цела і Крыві Хрыста прапануе нам таксама нанава паглядзець на каштоўнасць эўхарыстычнай адарацыі. «Малітва адарацыі можа здзяйсняцца як асабіста, у разважанні перад табэрнакулюмам, так і ў камунітарнай форме з псальмамі і спевамі, але заўсёды аддаючы перавагу маўчанню, у якім можна ўнутрана слухаць жывога і прысутнага ў сакрамэнце Пана. Панна Марыя з’яўляецца настаўніцай таксама і гэтай малітвы, бо ніхто лепш за яе не ўмеў сузіраць Езуса з позіркам веры і прымаць у сэрцы глыбокія водгукі Яго чалавечай і боскай прысутнасці», — прыводзіць словы Святога Айца Ватыканскае радыё.

Пасля малітвы «Анёл Панскі» Папа нагадаў, што ў наступны чацвер, 14 чэрвеня, будзе адзначацца Сусветны дзень донараў крыві, заснаваны Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя. «Я выказваю сваю вялікую ўдзячнасць усім тым, хто практыкуе гэтую форму салідарнасці, неабходную для жыцця шматлікіх хворых», — дадаў Пантыфік.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.