Бэнэдыкт XVI: Божае Валадарства — гэта дар Пана |
Святы Айцец |
18.06.2012 11:06 |
Літургія нядзелі прапаноўвае нам дзве кароткія прыпавесці, якія сказаў Езус: аб зерні, якое само ўзыходзіць, і аб зерні гарчычным. Праз гэтыя вобразы Пан паказвае таямніцу слова і Божага Валадарства, а таксама паказвае прычыны нашай надзеі і дзеяння. Аб гэтым казаў Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі ў нядзелю 17 чэрвеня. Пантыфік звярнуў увагу на тое, што ў першай прыпавесці ўвага скіравана на дынамізм пасеву: зерне, якое было кінута ў зямлю, узыходзіць і расце, нягледзячы на тое, ці спіць селянін ці даглядае яго. Чалавек сее з даверам і спадзяецца, што яго праца не будзе бясплоднай. Менавіта вера ў сілу зерня і ўрадлівасць глебы падтрымлівае селяніна ў яго штодзённай працы. «Гэтая прыпавесць нагадвае нам таямніцу стварэння і адкуплення, плённую дзейнасць Бога ў гісторыі. Гэта Ён з’яўляецца Панам Валадарства, а чалавек — Яго пакорным супрацоўнікам, які сочыць за Божай дзейнасцю і цярпліва чакае плёнаў. Збор ураджаю нагадвае нам пра канчатковае ўмяшальніцтва Бога напрыканцы часоў. Цяперашні час — гэта час пасеву, а рост зерня запэўнівае Пан. Значыць, кожны хрысціянін ведае добра, што павінен зрабіць усё, што залежыць ад яго, але канчатковы вынік залежыць ад Бога. Гэта свядомасць падтрымлівае яго ў працы кожны дзень, асабліва ў цяжкіх сітуацыях», — прыводзіць словы Папы Ватыканскае радыё. Таксама і ў другой прыпавесці выкарыстоўваецца вобраз зерня. Тут, аднак, справа ідзе пра спецыяльнае зерне, гарчычнае, якое лічыцца найменшым за ўсё насенне на зямлі. «Такім ёсць Божае Валадарства: рэальнасць па-чалавечаму невялікая, якая складаецца з убогіх сэрцам, тых, хто ускладаюць давер не на свае сілы, а на любоў Бога, тых, якія не з’яўляюцца важнымі ў вачах свету; але менавіта праз іх уваходзіць сіла Хрыста і перамяняе тое, што з’яўляецца малаістотным», — адзначыў Папа. «Выснова ясная: Божае Валадарства, нават калі і патрабуе нашага супрацоўніцтва, з’яўляецца перш за ўсё дарам Пана, ласкай, якая апярэджвае чалавека і яго ўчынкі. Здаецца, мы бяссільныя перад праблемамі свету, але калі дзейнічаем згодна з Божай сілай, не баімся перашкод, бо ўпэўнены ў перамозе Пана. Гэта цуд любові Бога, які дазваляе ўзыходзіць і расці кожнаму зерню, укінутаму ў зямлю. Дзякуючы гэтаму цудоўнаму досведу любові, мы становімся аптымістамі, нягледзячы на цяжкасці, пакуты і бяду, з якімі мы сутыкаемся. Зерне ўзыходзіць і расце, бо ўзрастаць яму дапамагае любоў Бога», — дадаў Пантыфік. |