Папа благаславіць алтар «Зорка Казахстана» |
Святы Айцец |
03.10.2012 12:21 |
10 кастрычніка Святы Айцец Бэнэдыкт XVI благаславіць адарацыйны алтар «Зорка Казахстана», які будзе пасля перададзены ў санктуарый Маці Божай Каралевы Міру ў Азёрным у Казахстане. Праект рэалізаваны таварыствам «Communita Regina della Pace» ў Радоме (Польшча) і ўключае заснаванне 12 месцаў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ва ўсім свеце ў інтэнцыі міру. Сутнасць дзейнасці таварыства, якое з’явілася ў 2008 г., — апостальства малітоўнай адарацыі Эўхарыстычнага Хрыста і падтрымка ўсіх ініцыятыў на карысць будавання міру і паяднання паміж людзьмі. Алтар «Зорка Казахстана» зараз знаходзіцца на Яснай Гары ў Польшчы. Азёрнае, куды ён прыбудзе, — гэта маленькая вёска на поўначы Казахстана, якая налічвае каля 600 жыхароў. Большасць з іх — палякі, дэпартаваныя з Украіны ў 1936 г. З 1999 г. у Азёрным праходзяць сустрэчы каталіцкай моладзі з усяго Казахстана. 27 чэрвеня 1993 г. папа Ян Павел ІІ кансэкраваў у вёсцы касцёл. 25 кастрычніка 1994 г. Маці Божая Каралева Міру была абвешчана галоўнай апякункай Казахстана і Цэнтральнай Азіі. 25 сакавіка 1996 г. у Азёрным уведзена штодзённая адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. (AG) |