Святы Айцец падчас візіту ў Дом састарэлых: пажылыя людзі — багацце для грамадства |
Святы Айцец |
12.11.2012 14:37 |
12 лістапада Святы Айцец Бэнэдыкт XVI наведаў Дом састарэлых у Рыме, якім апякуецца «Супольнасць святога Ідзія». Звяртаючыся да яго жыхароў, Папа падкрэсліў, што «якасць грамадства, яго цывілізаванасць вызначаецца тым, як у ім ставяцца да пажылых людзей і якое месца ім адводзіцца ў жыцці». Візіт Пантыфіка адбыўся ў рамках Еўрапейскага года актыўнасці пажылых людзей і салідарнасці пакаленняў. У ходзе сустрэчы Святы Айцец адзначыў, што асабіста ведае пра цяжкасці, звязаныя з пажылым узростам, але заклікаў прысутных «не дазволіць суму зняволіць сабе». «Гэта цудоўна — быць старым! У кожным узросце трэба быць здольным адкрыць прысутнасць і благаслаўленне Пана і багацце, якое ў ім заключаецца», — сказаў Папа, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё. Пантыфік заклікаў цаніць дар доўгага жыцця, нягледзячы на хваробы і абмежаванні, звязаныя з пажылым узростам. Бэнэдыкт XVI нагадаў, што ў Бібліі старасць лічылася благаслаўленнем Бога, аднак сёння яна не ўспрымаецца так у грамадстве, дзе «часта дамінуе логіка карысці і прыбытку». Аднак, па словах Папы, пажылыя людзі з’яўляюцца носьбітамі жыццёвай мудрасці — вялікага багацця. «Хто пакідае месца для старых — пакідае месца для жыцця! Хто прымае старых — прымае жыццё!» — дадаў Пантыфік. (AG) |