Прадстаўлена праграма набажэнстваў перыяду Божага Нараджэння, якія ўзначаліць Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. Папа будзе цэлебраваць Імшу ў вігілію Нараджэння Пана, 25 снежня ўдзеліць благаслаўленне «Urbi et Orbi», ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана ўдзеліць біскупскую сакру, а 13 студзеня ахрысціць дзяцей.
Як паведамляе Прэс-служба Апостальскай Сталіцы, 24 снежня ў 22 гадзіны Пантыфік узначаліць Імшу ў вігілію Божага Нараджэння.
25 снежня, на Божае Нараджэнне, Папа скіруе да вернікаў усяго свету пасланне і ўдзеліць благаслаўленне «Urbi et Orbi» («Гораду і свету»).
31 снежня, у 17 гадзін, Бэнэдыкт XVI узначаліць першыя нешпары на ўрачыстасць Святой Сям’і. Затым адбудзецца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і прагучыць гімн «Te Deum» на заканчэнне каляндарнага года.
1 студзеня, ва ўрачыстасць Святой Сям’і і ў Сусветны дзень міру, у 9.30 Пантыфік будзе цэлебраваць святую Імшу.
6 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, у 9 гадзін Папа ўзначаліць літургію, падчас якой удзеліць біскупскую сакру некалькім святарам, сярод якіх — асабісты сакратар Пантыфіка і прэфект Папскага дома кс. прэлат Георг Генсвайн.
13 студзеня, у нядзелю Хросту Пана, Святы Айцец у 9.45 узначаліць у Сікстынскай капэле Імшу, падчас якой удзеліць некалькім дзецям сакрамэнт хросту. (AG)
|