«У маёй памяці кардынал Глемп застанецца чалавекам шчырай дабрыні, які адзначаўся прастатой, адкрытасцю і сардэчнай адданасцю справе Касцёла ў Польшчы і ў свеце», — піша Святы Айцец Бэнэдыкт XVІ у спачувальнай тэлеграме на імя Мітрапаліта Варшаўскага кардынала Казімежа Ныча. Кардынал Юзаф Глемп, Прымас Польшчы на пенсіі, адышоў у вечнасць 23 студзеня.
Пантыфік адзначае, што з жалем прыняў звестку пра смерць кардынала Глемпа, і дадае, што яднаецца з кардыналам Казімежам Нычам, духавенствам і вернікамі Касцёла ў Польшчы ў малітве падзякі за жыццё і пастырскую працу «гэтага заслужанага Слугі Евангелля».
Святы Айцец падкрэслівае, што спачылы «быў справядлівым, у духу свайго апекуна св. Юзафа». Гэтая справядлівасць, «поўная пакорнай адданасці Божай волі, была фундаментам яго глыбокай любові да Бога і чалавека, якая была святлом, натхненнем і моцай у цяжкім служэнні дзеля таго, каб весці Касцёл пасярод значных грамадскіх і палітычных зменаў». Як адзначаецца ў спачувальным лісце, кардынал быў апосталам еднасці, згоды, супольнага стварэння будучыні на фундаменце «ўзнёслага і балючага вопыту Касцёла і польскага народа». У пастаяннай лучнасці і духоўнай сувязі з папам Янам Паўлам ІІ кардынал Юзаф Глемп падыходзіў да вырашэння многіх спраў і праблем у палітычным, грамадскім і рэлігійным жыцці.
«На апошнім этапе свайго жыцця ён зведаў цярпенне, якое пераносіў са згодай духу. Таксама і ў гэтым вопыце ён застаўся сведкам даверу дабрыні і любові ўсемагутнага Бога», — гаворыцца ў тэлеграме.
Напрыканцы Пантыфік удзяляе кардыналу Казімежу Нычу, польскім іерархам, сям’і спачылага, удзельнікам будучага пахавання кардынала Глемпа і ўсім палякам сваё благаслаўленне. (AG)
|