Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі Прэзідэнта Гватэмалы |
Святы Айцец
|
16.02.2013 17:48 |
16 лютага Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў на аўдыенцыі Прэзідэнта Гватэмалы Отта Фэрнанда Пэрэса Моліна. Гэта апошні палітык па-за межамі Італіі, з якім Папа сустрэўся падчас свайго Пантыфікату: сёння чакаецца таксама сустрэча з прэм’ерам Італіі, а 23 лютага — з Прэзідэнтам.
Прэзідэнт Гватэмалы сустрэўся таксама з Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці кардыналам Тарчызіо Бэртонэ і сакратаром па адносінах з дзяржавамі арцыбіскупам Дамінікам Мамбэрці.
Падчас размоваў, як інфармуе Прэс-служба Апостальскай Сталіцы, былі падкрэслены сардэчныя адносіны Ватыкана і Гватэмалы. Адзначаўся вялікі ўклад Касцёла ў развіццё краіны, асабліва ў сферы адукацыі, абвяшчэнні гуманістычных і духоўных каштоўнасцяў, праз грамадскую і дабрачынную дзейнасць, у тым ліку падчас нядаўняга землятрусу ў краіне.
Суразмоўцы выказалі жаданне працягваць супрацоўніцтва, у тым ліку ў паляпшэнні грамадскай сітуацыі Гватэмалы, вырашэнні праблем беднасці, гандлю наркотыкамі, арганізаванай злачыннасці і эміграцыі. Абмяркоўвалася таксама значэнне абароны чалавечага жыцця, пачынаючы ад зачацця.
Па словах старшыні Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі, прысутнасць журналістаў падчас аўдыенцыі стала для Святога Айца нагодай падзякаваць ім за добрую працу. (AG)
|