Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Завяршылася апошняя агульная аўдыенцыя Бэнэдыкта XVI
Святы Айцец
27.02.2013 14:16

«Я не пакідаю крыж, але новым чынам застаюся побач з Укрыжаваным», — з такімі словамі звярнуўся да вернікаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас сваёй апошняй агульнай аўдыенцыі, якая 27 лютага прайшла на плошчы Святога Пятра. Развітацца з Пантыфікам прыйшлі каля 150 тысяч чалавек.

У сваім звароце да прысутных Папа выразіў падзяку ўсім, хто быў побач з ім на працягу гадоў яго Пантыфікату і патлумачыў, што не пакідае Касцёл, але пачынае служыць яму новым чынам.

Як інфармуе Ватыканскае радыё, Бэнэдыкт XVI падзяліўся, што на працягу Пантыфікату заўсёды адчуваў падтрымку Бога, якому даверыўся ў выкананні служэння Наступніка святога Пятра 19 красавіка 2005 г.

«Пан па-сапраўднаму кіраваў мною, быў побач са мной, і я мог штодзённа адчуваць Яго прысутнасць», — адзначыў Пантыфік. — Гэта была частка шляху Касцёла, у якой былі моманты радасці і святла, але таксама і цяжкасцяў; я адчуваў сябе, як св. Пётр і апосталы ў лодцы ў Галілейскім возеры: Пан падараваў нам шмат дзён поўных сонца і лёгкага ветрыку, дзён калі ўлоў быў вялікім; аднак былі моманты калі воды хваляваліся і дзьмуў сустрэчны вецер — як і на працягу ўсёй гісторыі Касцёла — і здавалася, што Пан спіць».

Святы Айцец адзначыў, што яго ніколі не пакідала ўпэўненасць у тым, што ў гэтай лодцы знаходзіцца Пан, а таксама, што лодка Касцёла належыць менавіта Хрысту.

Пантыфік нагадаў, што для таго, каб умацаваць веру ў Бога ў кантэксце, які спрабуе адсунуць яе на другі план, ён абвясціў Год веры. «Я б хацеў, каб кожны адчуваў радасць быцця хрысціянінам. Каб штодзённа ў прыгожай ранішняй малітве казаў: „Кланяюся Табе, мой Божа, і люблю Цябе ўсім маім сэрцам. Дзякую Табе за тое, што стварыў мяне і зрабіў хрысціянінам„», — патлумачыў Папа.

Бэнэдыкт XVI падзяліўся таксама, што асабліва на працягу апошніх дзён змог убачыць, што ён не адзін. Ён атрымаў шмат лістоў, але не толькі ад кіраўнікоў дзяржаваў, рэлігійных лідараў ці прадстаўнікоў свету культуры, але таксама «ад простых людзей, якія звяртаюцца да Папы як браты і сёстры, як сыны і дочкі, з адчуваннем вельмі блізкай сувязі».

«Так можна ўбачыць, што такое Касцёл — гэта не арганізацыя, не асацыяцыя, якая пераследуе рэлігійныя ці гуманітарныя мэты, але жывое цела, супольнасць братоў і сясцёр у Целе Езуса Хрыста, які аб’ядноўвае ўсіх. Адчуванне Касцёла такім чынам і магчымасць дакрануцца да сілы яго праўды і любові — гэта прычына радасці ў час, калі ўсе кажуць пра яго заняпад», — адзначыў Святы Айцец.

Бэнэдыкт XVI падзякаваў вернікам за павагу і разуменне, з якім прынялі яго рашэнне. «Я буду працягваць суправаджаць шлях Касцёла малітвай і разважаннем, з той адданасцю Пану і яго Нявесце, з якой спрабаваў штодзённа жыць да гэтага дня і з якой хачу жыць заўсёды», — сказаў Папа і заклікаў памятаць у малітве аб ім, а таксама кардыналах, якія павінны будуць выбраць новага Наступніка св. Пятра.

(SZh)


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.