Праца Сінода — гэта выраз калегіяльнасці ў Касцёле, сказаў Папа Францішак, адкрываючы першую кангрэгацыю Сінода Біскупаў на тэму сям’і 5 кастрычніка ў Ватыкане. Пантыфік заклікаў удзельнікаў форума да шчырага дзялення ўласнымі меркаваннямі.
Сінод, адзначыў Папа, не з’яўляецца кангрэсам, парламентам ці сенатам; гэта выраз жыцця Касцёла, які крочыць разам, каб «чытаць рэчаіснасць вачыма веры». Ён, дадаў Пантыфік, адбываецца ў лоне Касцёла і святога народу Божага. Сінод Біскупаў — гэта абароненая прастора, у якой праяўляецца дзейнасць Святога Духа, заўважыў Папа.
Сінадальныя айцы давяраюць дзейнасці Бога, які ўстанавіў закон і суботу для чалавека, а не наадварот; яны давяраюць Богу, які большы за любую чалавечую логіку, адзначыў Папа.
Пантыфік заклікаў удзельнікаў форуму «апрануцца» ў апостальскую адвагу, евангельскую пакору і даверлівую малітву і нагадаў, што адзіным шляхам з’яўляецца шлях адкрытасці на Святога Духа. «Без слухання Святога Духа ўсе нашы словы будуць толькі словамі, якія не насычаюць і непатрэбныя. Без адкрытасці на кіраўніцтва Духа ўсе нашы рашэнні будуць толькі дэкарацыямі, якія замест таго, каб узвышаць Евангелле, пакрываюць і хаваюць яго», — сказаў Папа.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|