Перад Касцёлам пастаянна стаіць выклік абвяшчаць Евангелле сучаснаму чалавеку, абараняючы сям’ю ад усіх ідэалагічных і індывідуалістычных нападаў, сказаў Папа Францішак 24 кастрычніка на заканчэнне апошняй Генеральнай кангрэгацыі Сіноду Біскупаў на тэму сям’і ў Ватыкане.
Пантыфік адзначыў, што першым абавязкам Касцёла з’яўляецца не раздаванне прысудаў, але абвяшчэнне Божай ласкі, заклік да навяртання і прывядзенне ўсіх людзей да збаўлення.
Святы Айцец заўважыў, што Сінод не вычарпаў усіх пытанняў, якія тычацца сям’і, не ўдалося вырашыць усе цяжкасці і сумневы, але ўсё гэта было пастаўлена ў святле веры, каб старанна паглядзець на выклікі і стаць перад імі без страху, не ўцякаць ад іх. Па словах Пантыфіка, на Сінодзе было паказана, што Евангелле для Касцёла з’яўляецца жывой крыніцай вечнай навізны, супраць тых, хто хоча «дактрынізаваць» яго, ператвараючы ў мёртвыя камяні для кідання ў іншых. Папа дадаў, што Сінод змог «агаліць закрытыя сэрцы, якія часта хаваюцца нават за вучэннем Касцёла, або за добрымі намерамі, каб сядзець на кафедры Майсея і судзіць, часам з пачуццём перавагі і павярхоўна, складаныя выпадкі і параненыя сям’і». Пантыфік нагадаў, што Касцёл з’яўляецца Касцёлам не толькі праведных і святых, але і ўбогіх духам і грэшнікаў, якія жадаюць прабачэння.
Папа адзначыў, што Сінод выказаў розныя меркаванні і падкрэсліў неабходнасць укаранення праўдаў веры ў чалавечых культурах. «Для Касцёла заканчэнне Сіноду азначае вяртанне да сапраўднага “пілігрымавання разам”, каб несці ў кожнай частцы свету, у кожнай дыяцэзіі, у кожным грамадстве і ў кожнай сітуацыі святло Евангелля, абдымкі Касцёла і падтрымку Божай міласэрнасцю», — сказаў Святы Айцец на завяршэнне Сіноду Біскупаў.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|