Кардынал Пэл распавёў пра сімвалічную тэалагічную бітву на Сінодзе |
Рымская курыя |
21.10.2015 11:27 |
Супраць свабоды дзеяння мясцовых епіскапатаў у пытанні разведзеных, якія
жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах, выказаўся кардынал Джордж Пэл.
«Касцёл не можа двум людзям у адной і той жа сітуацыі сказаць у Польшчы, што прыняцце св. Камуніі з’яўляецца святатацтвам, а ў некалькіх кіламетрах далей у Германіі — што гэта крыніца ласкі», — сказаў прэфект ватыканскага Сакратарыяту па эканамічных справах у інтэрв’ю французскай газеце Le Figaro. Іерарх падкрэсліў, што «хоць у нас ёсць розныя тэалогіі, але толькі адна дактрына». Некаторыя ўдзельнікі Сінода Біскупаў, які праходзіць у Ватыкане на тэму сужэнства і сям’і, выказаліся за перадачу большых паўнамоцтваў у гэтым пытанні нацыянальным біскупскім канферэнцыям. Аб гэтым казаў у мінулую суботу на сустрэчы ў зале Паўла VI, прысвечанай святкаванню 50-годдзя ўстанаўлення Сінода Біскупаў, Папа Францішак, хоць і не паказаўшы на канкрэтныя прыклады. Кардынал Пэл адзначыў, што прыхільнікі ўдзялення святой Камуніі разведзеным, якія жывуць у новых саюзах, складаюць меншасць на Сінодзе. Аўстралійскі іерарх, які ўваходзіць у склад Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам, чакае ад Сінода большай тэалагічнай яснасці. «Мы з’яўляемся сведкамі трэцяй сімвалічнай тэалагічнай бітвы паміж двума нямецкімі тэолагамі і двума поглядамі, з аднаго боку Каспера, а з другога — Ратцынгера», — сказаў кардынал Пэл. Іерарх выказаў надзею на тое, што ў канцы Сінода ўсё будзе ясна. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (АлГ) |