Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: «Сiнод завяршыўся — Сiнод працягваецца»
Інтэрв'ю
25.10.2015 18:59

25 кастрычнiка ў Ватыкане завяршыўся Сiнод Біскупаў на тэму «Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце». Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які прымаў удзел у Сінодзе, пракаментаваў гэтую падзею для Catholic.by.

— Ваша Эксцэленцыя, распавядзiце аб апошнiх днях працы Сіноду. Чым яны былi адметныя?

— Пасля завяршэння выступленняў рэлятараў малых лiнгвістычных груп па трэцяй частцы «Instrumentum laboris», што прайшлі 20 кастрычнiка, спецыяльная камiсiя пачала працу над тэкстам фiнальнага дакумента. Гэты тэкст быў прадстаўлены Айцам Сiноду 22 кастрычнiка. Пры яго падрыхтоўцы было ўнесена 1355 паправак. Ён стаў больш біблiйным. У iм таксама больш адносiн да вучэння Касцёла на тэму сям'i. Змянiлiся i тэмы паасобных частак, так што ён стаў больш лагiчным: Касцёл у слуханнi сям'i, сям'я ў Божым плане i мiсiя сям'i.

Пасля гэтага Айцы Сiноду вывучалi гэты дакумент i 23 кастрычнiка ранiцай абмеркавалi яго ў Зале Сiноду. У прынцыпе яны былi задаволены новым дакументам, якi больш лагiчны i ясны ў параўнанні з «Instrumentum laboris». Айцы Сiноду ўнеслi ў яго свае заўвагi i прапановы, значная частка якiх датычыла адносiн адносін паміж сумленнем і маральным законам. Iх вывучыла камiсiя, якая ранiцай 24 кастрычнiка прадставiла канчатковы тэкст фiнальнага дакумента, якi з'яўляецца прапановай для Папы Францiшка. Пасля абеду ў той жа дзень адбылося галасаванне па кожным пункце фiнальнага дакумента. Каб пункт быў прыняты, неабходна было набраць квалiфiкаваную большасць галасоў, гэта азначае 2/3. Айцы Сiноду яго прынялi, а Папа загадаў апублiкаваць.

Такiм чынам, апошнi этап працы Сiноду паспяхова завяршыўся, i яго вынiкам стаў усiмi адобраны фiнальны дакуент, якi быў перададзены Пантыфіку.



 

— Цi прымаў Папа ўдзел у працы Сiноду?

— Так, Папа прысутнічаў на ўсiх Генеральных кангрэгацыях i меў магчымасць непасрэдна выслухаць думкi i прапановы Айцоў Сiноду. Ён жыва рэагаваў на падзеi ў Зале Сіноду i некалькi разоў выступаў, аб чым я iнфармаваў раней. Таксама на завяршэнне Сiноду ён звярнуўся да яго ўдзельнiкаў са сваiм пастырскiм словам.

У iм Пантыфiк засяродзіўся на значэнні Сiноду, якi хаця i не прапанаваў гатовых рашэнняў, аднак асвятлiў праблемы сям'i святлом Евангелля i Традыцыi Касцёла.

Папа вельмi ясна паставіўся да галоўнага сiнадальнага спрэчнага пытання, а менавiта аб адносінах памiж мiласэрнасцю i справядлiвасцю ў дачыненні да тых, хто развёўся і знаходзіцца ў паўторным грамадзянскім саюзе. Ён мiж iншым сказаў, што Сiнод адкрыў закрытыя сэрцы, якiя асуджаюць. Сiнод таксама пацвердзiў, што Касцёл не з'яўляецца Касцёлам толькi справядлiвых i святых, але i грэшнiкаў, якiя шукаюць прабачэння.  Першы абавязак Касцёла — не судзiць, а абвяшчаць Божую мiласэрнасць, заклiкаць да навяртання i весцi да збаўлення. Сiнод таксама стараўся пашырыць гарызонты, каб абараняць i абвяшчаць свабоду дзяцей Божых i перадаць прыгажосць хрысцiянскай навiны, якая нярэдка пакрыта iржой архаiчнай i незразумелай мовы. Свабода выступленняў Айцоў Сiноду прадставiла жывы вобраз Касцёла, якi не выкарыстоўвае гатовых рашэнняў, але чэрпае з крынiцы веры, каб заспакоiць смагу спрагненых сэрцаў. Папа Францiшак выказаў перакананне, што Сiнод не трапiў у рэлятывiзм i не дэманiзаваў iншых. Ён адважна стараўся прыняць дабрыню Бога i Яго мiласэрнасць, якая перамяняе намеры чалавека i прагне яго збаўлення. Хаця Сiнод i не знайшоў задавальняючых рашэнняў для цяжкасцяў, з якiмi сустракаецца сучасная сям'я, тым не менш ён заахвоцiў да разумення значэння сям'i як падмурку грамадства i чалавечага жыцця. У гэтым сэнсе Евангелле застаецца жывой крынiцай вечнай навiзны супраць тых, хто iмкнецца ператварыць яго ў камянi, каб iмi кiдаць у iншых.

— Сiнод стаў гiсторыяй. Як Вы яго ўспрымаеце? Цi апраўдаў ён Вашы спадзяваннi?

— Перад Сiнодам i на пачатку яго многiя з трывогай пыталiся, што новага ён прынясе. Медыя прадказвалi рэвалюцыю ў вучэннi Касцёла аб сям'i, Камунiю для разведзеных i ўступiўшых у паўторны шлюб i нават легалiзацыю гомасексуальных саюзаў. Працы Сiноду яшчэ раз пацвердзiлi, што Касцёлам кiруе Святы Дух, а не свет.

Сiнод засяродзiў сваю ўвагу на больш шырокiм i глыбокiм пазнанни сям'i i яе праблем, паклiкання i мiсii ў сучасным свеце. Вельмi важным быў прынцып правядзення прац Сiноду: на пачатку слухаць, потым разважаць i толькi потым дзейнічаць. Усё гэта дало магчымасць разам з лепшым пазнаннем сям’i выявiць наступныя напрамкi пастырскай дзейнасцi для яе аздараўлення з iснуючага крызiсу. Гэта найперш падрыхтоўка моладзi да сакрамэнту сужэнства, спадарожнiчанне маладым сужэнствам, адпаведная фармацыя святароў, пастырская апека над разведзенымi i ўступiўшымi ў новыя саюзы, апека над людзьмi, якія маюць гомасексуальныя схільнасцi, неабходнасць змены мовы навучання, каб яна было больш простай, даступнай i зразумелай, выкарыстанне новых магчымасцяў для анулявання першага шлюбу, абавязку бацькоў быць першымi рэлiгiйнымi выхавацелямi сваiх дзяцей, належная ацэнка экуменiчнага значэння змешаных шлюбаў, тое, што кожны асобны выпадак разбурэння сям'i неабходна разглядаць індывідуальна, бо заўсёды ёсць свае нюансы i часта церпiць нявiнны бок, i iншыя.



 

Сiнод пакінуў пасля сябе вялiкую спадчыну, якую яшчэ неабходна асэнсаваць i вывучаць. Не вырашыўшы надзённых праблем i не прапанаваўшы рэвалюцыйных рашэнняў, Сінод тым не менш наблiзiўся да iх вырашэння, што выражаецца найперш у большым адкрыццi Касцёла на праблемы разведзеных i ўступiўшых у паўторны шлюб. Сiнод прыадчынiў дзверы для прыняцця больш канкрэтных крокаў для iх вырашэння. Паводле думкi Сiноду, задачай святароў з’яўляецца духоўнае суправаджэнне разведзеных i тых, хто знаходзіцца ў паўторным шлюбе, для лепшага распазнання сваёй сiтуацыi згодна з вучэннем Касцёла i ўказаннямi бiскупа. Шчырая рэфлексiя можа ўмацаваць давер у Божую мiласэрнасць, у якой нельга адмовiць нiкому.

Тры тыднi працы Сiноду сталi часам слухання i абмену досведам, часам калегiяльнасцi i сiнадальнасцi Касцёла, каб сумесна шукаць рашэнняў па найбольш складаных пытаннях. Хаця фармальна Сiнод завяршыўся, ён працягваецца, i спадзяёмся, што прынясе новыя рашэннi адносна праблем сучаснай сям'i.

Сiнод таксама скіраваў пасланне аб сітуацыі сем’яў, якія жывуць ва ўмовах канфліктаў на Блізкім Усходзе, у Афрыцы і ва Украіне. У iм асуджаецца насiлле i знаходзiцца заклік аб неабходнасці спынення варожасці і гандлю зброяй.

Афiцыйна Сiнод завяршыўся святой Iмшой у базылiцы св. Пятра, якую ўзначалiў Папа i якую з iм канцэлебравалi Айцы Сiноду. У гамiлii Пантыфiк, зыходзячы з Евангелля 30-й Звычайнай нядзелi аб аздараўленнi сляпога, нагадаў, што цяжкія сiтуацыі, у якiх знаходзiцца чалавек, з'яўляюцца для Бога сiтуацыямi праяўлення Яго мiласэрнасцi. Таму i сёння вучнi Хрыста паклiканы весцi чалавека да кантакту з Божай мiласэрнасцю, якая збаўляе. Па словах Папы, калi крык церпячага чалавецтва становiцца ўсё мацнейшым, не можа быць iншага адказу, чым учынiць нашымi словы Хрыста i асаблiва браць прыклад з Яго сэрца. Падчас Сiноду яго ўдзельнiкi iшлi разам. Цяпер неабходна гэты шлях працягнуць у напрамку, якi ўказвае Езус. Гэтым самым Папа як быццам пацвердзiў вядомы прынцып «Sit finis libri, sed non finis querendi», што можна перакласцi наступным чынам: завяршэнне кнiгi не азначае завяршэння даследаванняў. Такiм чынам, Сiнод завяршыўся i Сiнод працягваецца.



 

 

Па традыцыі ўдзельнiкi Сiноду атрымлiваюць ад Папы памятныя падарункi. На гэты раз яны атрымалi спецыяльна выкананыя з нагоды Сiноду выяву Святой Сям'і i медаль з нагоды 50-годдзя ўстанаўлення Папам Паўлам VI iнстытуту Сiноду Бiскупаў, якое адзначалася 17 кастрычніка ў Зале Паўла VI. Iх аўтар — рымскi скульптар Маўрыцыё Лаўры.

— Дзякуем за тое, што падзялiлiся думкамi аб завяршэннi Сiноду і дасылалі iнфармацыю падчас яго трывання, што дало магчымасць нашым чытачам лепш ведаць аб гэтай найбольш важнай падзеi ў Касцёле ў гэтым годзе. Чакаем на Радзiме.

(DN), (AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.