Раніцай 20 кастрычнiка ў межах Сінода Біскупаў на тэму сям’і працавалi лінгвістычныя групы, у другой палове дня прагучалі даклады рэлятараў груп. Перад гэтым са словам да ўдзельнiкаў Сiнода звярнуўся Старшыня Аддзела знешнiх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мiтрапалiт Валакаламскi Iларыён.
Мітрапаліт Іларыён падкрэслiў, што чалавек мае патрэбу ў цвёрдым фундаменце, “на які можна было б абаперціся і з упэўненасцю будаваць сваё жыццё”. Між тым “секулярнае грамадства, арыентаванае, перш за ўсё, на задавальненне індывідуальных патрэбаў, не можа даць чалавеку ясных маральных арыенціраў”. Па словах іерарха, крызіс традыцыйных каштоўнасцяў у грамадстве спажывання “прыводзіць да супярэчнасці паміж рознымі перавагамі, у тым ліку і ў сямейных адносінах”.
Сёння, адзначыў Мітрапаліт Іларыён, нярэдка чуваць галасы, якія заклікаюць да “мадэрнізацыі” свядомасці, “адмаўлення ад быццам бы састарэлага вучэння аб сям’і”. Іерарх падкрэсліў, што Касцёл “пакліканы быць светачам і маяком у цемры гэтага веку, а хрысціяне – “соллю зямлі” і “святлом свету””, нагадаўшы аб папярэджанні Збаўцы, што, калі соль страцiць свой смак, то прыдатная толькi на тое, каб яе выкiнуць. Мітрапаліт нагадаў пра шматлікія прыклады, да чаго прыводзiць такая палiтыка, у тым лiку i ў сучасных рэлiгійных супольнасцях.
Іерарх адзначыў неабходнасць абароны хрысціянскіх перакананняў і вернасці касцёльнай традыцыі ў наш час. “Абавязак Касцёла – нагадваць грамадству аб яго цвёрдай аснове – сям’і як саюзе мужчыны і жанчыны, які ствараецца з мэтай нараджэння і выхавання дзяцей”, - сказаў Мітрапаліт, дадаўшы, што такая сям’я ўстаноўлена самім Панам пры стварэнні свету.
Па словах іерарха, Каталіцкаму Касцёлу і Праваслаўнай Царкве неабходна “сумесна абараняць” сваю пазіцыю наконт сям’і таксама “на пляцоўках міжнародных арганізацыі, такіх як ААН і Савет Еўропы”, дабіваючыся “заканадаўчай абароны сям’і”.
Мітрапаліт Іларыён падкрэсліў, што патрэбна “салідарнасць Цэркваў і ўсіх людзей добрай волі для таго, каб абараніць сям’ю ад выклікаў секулярнага свету”. Iерарх выказаў спадзяванне, што адным з плёнаў працы Сiнода стане “далейшае развіццё праваслаўна-каталіцкага супрацоўніцтва ў гэтым напрамку”, і пажадаў Сіноду поспехаў у працах.
Паводле mospat.ru (AG)
|