Ватыкан: надзвычайная сустрэча кардыналаў 19 лістапада |
Рымская курыя |
08.11.2010 17:37 |
Бэнэдыкт XVI сустрэнецца 19 лістапада 2010 г. з членамі Калегіі кардыналаў, каб абмеркаваць, між іншым, праблему педафіліі сярод некаторых каталіцкіх святароў і пытанне пераходу часткі англіканаў да Каталіцкага Касцёла. У «дні рэфлексіі і малітвы» прымуць удзел таксама новапрызначаныя кардыналы, якія рэгаліі сваёй годнасці атрымаюць на звычайнай публічнай кансісторыі 20 лістапада. Прэс-служба Апостальскай Сталіцы інфармуе, што сустрэча адбудзецца ў новай зале Сіноду Біскупаў у Ватыкане і распачнецца ў 9.30 Літургіяй гадзін. Дыскусія распачнецца абмеркаваннем новых выклікаў, звязаных з рэлігійнай свабодай у свеце, якое правядзе Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці папы Бэнэдыкта XVI кардынал Тарчызіо Бэртонэ. Затым прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў кардынал Антоніо Канісарэс узніме для абмеркавання тэму «Літургія ў жыцці Касцёла сёння». Пасля Нешпараў кардыналы абмяркуюць эклезіялагічныя пытанні, што ўзніклі праз дзесяць год пасля абвяшчэння Кангрэгацыяй Веравучэння дэкаларацыі «Dominus Iesus». Дыскусію ўзначаліць былы сакратар ведамства кардынал Анджэло Амато. Прэфект Кангрэгацыі кардынал Уільям Левада ў сваю чаргу распачне дыскусію на тэму адказнасці Касцёла за сексуальныя злачынствы і пераходу некаторых англіканаў у Каталіцкі Касцёл, якое будзе здзяйсняцца ў адпаведнасці з апостальскай канстытуцыяй «Anglicanorum coetibus». Калі на сустрэчу прыедуць усе кардыналы, то іх у Ватыкане збярэцца 203 асобы. За ўсю гісторыю Калегія кардыналаў упершыню ўключае такую вялікую колькасць іерархаў. Падобныя сустрэчы, якія найчасцей называюць «надзвычайнымі кансісторыямі», некалькі разоў склікаў Ян Павел ІІ, каб падчас некалькіх дзён пасяджэння Калегія кардыналаў выказала сваё меркаванне адносна актуальных праблем, якія хвалююць Касцёл. Такія сустрэчы адбываліся ў 1979, 1982, 1985, 1991, 1994 i 2001 гг. Гэтую традыцыю працягвае і Бэнэдыкт XVI, які перш раз склікаў Калегію на надзвычайную сустрэчу ў 2006 г. |