Кардынал Кох аб праблемах сучаснага экуменізму |
Рымская курыя |
26.01.2012 13:54 |
«Малітва ў экуменізме заўсёды была значнай. Другі Ватыканскі Сабор назваў яе душой экуменізму. Сёння яна набывае асаблівае значэнне, паколькі сусветны экуменізм стаіць перад новымі праблемамі», — адзначыў кардынал Курт Кох, з нагоды завяршэння Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў. Прычыны занепакоенасці старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству патлумачыў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. На думку іерарха, «у апошнія гады і дзесяцігоддзі хрысціяне згубілі мэту экуменічнага руху». «Розныя Касцёлы і касцёльныя супольнасці ўжо не маюць ранейшых імкненняў, — адзначыў кардынал Кох. — Думаю, што сёння трэба вярнуцца да гэтай праблемы і запытаць у саміх сябе, чаго насамрэч жадаем. Для нас, католікаў, як і для праваслаўных, канчатковай мэтай з’яўляецца поўная еднасць у веры, сакрамэнтах і касцёльных служэннях. Адзінства з’яўляецца вымаганнем, якое нам паставіў сам Пан. Ён маліўся, каб мы былі адно, каб свет паверыў. І менавіта таму для экуменізму няма альтэрнатывы». |