Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прабыць 13 месяцаў у Ціхім акіяне ў малой лодцы і застацца жывым |
07.02.2014 13:34 |
Мужчына з Мексікі трынаццаць месяцаў прабыў у Ціхім акіяне, а пасля неверагоднага падарожжа паведаміў журналістам, што вытрымаць усе выпрабаванні яму дапамагла вера ў Бога.
Пра гэта паведамляецца ў эксклюзіўным рэпартажы CNN. Хасэ Сальвадора Альварэнгу ў лодцы, якая была моцна пашкоджана, выкінула на аддалены каралавы атол на Маршалавых астравах на мінулым тыдні. З яго слоў, усе 13 месяцаў свайго вымушанага падарожжа ён еў рыбу і чарапах, а піў дажджавую ваду. Сальвадор кажа, што прабыў у моры больш за год, пасля таго як пацярпеў караблекрушэнне ля берагоў паўднёвай Мексікі, за тысячу кіламетраў ад таго месца, дзе быў знойдзены. Застаецца шмат пытанняў, як ён змог выжыць у такой маленькай лодцы і як пераплыў Ціхі акіян. З пункту гледжання навукі гэта немагчыма. І калі ў шчасліўца запыталіся, як так атрымалася, то ён адказаў, паказваючы ўверх: "Пан. Мая вера ў Бога". У сваім інтэрв'ю для CNN ён распавёў, што выйшаў з порта Парэдон В'ехо мексіканскага штата Ч'япас у снежні 2012 года. Журналісты мексіканскай газеты наведалі гэта месца - рыбакі распавялі ім, што выдатна памятаюць Алварэнгу і той дзень, калі ён выйшаў у мора і не вярнуўся. Праўда, ім запомнілася, што гэта было не ў снежні, а ў лістападзе. Тады ўсе лодкі выйшлі яго шукаць, а ўлады адправілі на пошукі самалёт. "Усе мае калегі-рыбакі былі проста ў захапленні, бо гэта не што іншае, як цуд. У мяне не хапае слоў, каб выказаць тую радасць, якую я адчуў, калі даведаўся, што ён выжыў. Ён цудоўны чалавек, і я рады, што ў яго атрымалася!" - сказаў Беларміна Радрыгес Беіс, гаспадар лодкі, на якой выправіўся ў мора Альварэнга. Ён дадаў, што лодка мела сістэму GPS і радыёсувязь, але абедзьве сістэмы былі пашкоджаныя і не працавалі, калі лодка патрапіла ў шторм. "Калі мне сказалі, што знойдзена лодка з чалавекам на борце, у мяне не было аніякіх сумневаў, - сказаў Радрыгес, - я пазнаў Алварэнгу адразу ж, як толькі ўбачыў яго фотаздымак. Гэта не мог быць хтосьці яшчэ. Акрамя таго, у лодкі ёсць рэгістрацыйны нумар". Па матэрыялах pravoslavie.by, (AYU)
|
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.