Каталіцкае радыё ў Бангладэшы слухаюць амаль адны мусульмане |
18.02.2014 12:02 |
99 % слухачоў каталіцкага Radio Veritas Asia у Бангладэшы з’яўляюцца мусульманамі. Гэта стала вядома пасля даследаванняў, якія былі праведзены са слухачамі. Для самых адданых прыхільнікаў была арганізавана нават спецыяльная сустрэча, якая налічыла 175 удзельнікаў.
Radio Veritas — гэта міжнародная радыёкампанія са штаб-кватэрай на Філіпінах, якая супрацоўнічае з Федэрацыяй Канферэнцыі Каталіцкіх біскупаў Азіі. Часамі яе называюць «місіянерам Азіі» ці «голасам азіяцкага хрысціянства». У Бангладэшы яна вяшчае 33 гады, збіраючы вакол сябе мільённую аўдыторыю слухачоў. Radio Veritas шмат увагі надзяляе грамадскім справам: сям’і, становішчу жанчын, гаспадарцы, навуцы і навінам з усяго свету. У сваю чаргу рэлігійныя праграмы ўключаюць сакральную літаратуру ісламу, будызму і індуізму. Прыхільнікі хрысціянскага радыё адзначаюць грамадскае значэнне і духоўны змест гэтых праграм.
Паводле Англійскай рэдакцыі Радыё Ватыкана, (AYU)
|