Украінская Міжцаркоўная Рада заклікала палітыкаў і дыпламатаў не дазволіць братазабойчую вайну паміж Украінай і Расіяй. |
03.03.2014 13:36 |
Старшыня Украінскай Міжцаркоўнай Рады епіскап Аляксей Дземідовіч 2 сакавіка апублікаваў зварот у сувязі з сепаратысцкімі праявамі і пагрозай прымянення ўзброеных сіл Расійскай Федэрацыі ва Украіне. У ім гаворыцца аб недапушчальнасці знаходжання ваеннага кантынгенту РФ на тэрыторыі Украіны, аб недапушчэнні братазабойчай вайны паміж Украінай і Расіяй і аб неабходнасці ўзмоцненай малітвы за Украіну і яе народ.
«Ва ўмовах абвастрэння сепаратысцкіх праяў у Паўднёва-Усходніх рэгіёнах Украіны і ў сувязі з пагрозай увядзення ўзброеных сіл Расійскай Федэрацыі на тэрыторыю Аўтаномнай Рэспублікі Крым, звяртаюся да дыпламатаў, палітыкаў, прадстаўнікоў улады і сілавых структур, грамадскіх і рэлігійных дзеячаў, грамадзянаў Украіны і Расійскай Федэрацыі, а таксама міжнароднай супольнасці з просьбай зрабіць усё магчымае, каб:
— не дапусціць уводу ваеннага кантынгента Расійскай Федэрацыі на тэрыторыю Крыма;
— захаваць мір і не дапусціць пачатку братазабойчай вайны паміж брацкімі народамі — Украінай і Расіяй;
— спыніць праявы сепаратызму і непадпарадкавання дзеючым легітымным органам дзяржаўнай улады для захавання стабільнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны;
— утрымаць нацыяналістычныя арганізацыі ад усялякіх радыкальных дзеянняў і спыніць распальванне варожасці паміж украінамоўным і рускамоўным насельніцтвам Украіны;
— спрыяць знаходжанню ўзаемаразумення паміж людзьмі, якія жывуць у Паўднёва-Усходніх і Цэнтральна-Заходніх рэгіёнах Украіны і якія маюць розныя палітычныя перакананні, у прыватнасці шляхам правядзення актыўнай духоўна-культурнай і палітыка-прававой асветніцкай працы з прыцягненнем грамадскіх і рэлігійных арганізацый, устаноў навукі і адукацыі, сродкаў масавай інфармацыі і інш.
Заклікаю ўсіх хрысціянаў да штодзённай узмоцненай малітвы за Украіну і наш народ, «каб нам весці жыццё ціхае і маўклівае ў богабаязнай пабожнасці і чысціні», — гаворыцца ў звароце старшыні Украінскай міжцаркоўнай Рады, якую прадстаўляюць пераважна маладыя пратэстанцкія аб'яднанні.
|