Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Польшчы з’явіцца духоўная семінарыя для тых, каму за 35
18.03.2014 13:40

Духоўная семінарыя для кандыдатаў, якім больш за 35 гадоў, пачне з новага навучальнага года сваю дзейнасць у Кракаве. Біскупы на 364-ым пленарным сходзе ўжо прынялі яе статут. Пра гэта паведаміў старшыня Юрыдычнай камісіі епіскапату Польшчы арцыбіскуп Анджэй Дзенга.

На дадзены момант у Польшчы ўжо ёсць каля 20 кандыдатаў, якія зацікаўлены ў падрыхтоўцы да святарства ў гэтай навучальнай установе.

«Існуе несумненная патрэба стварыць такую семінарыю, паколькі ўжо не першы год я назіраю павелічэнне колькасці кандыдатаў, якія ўжо маюць за плячыма скончаную адукацыб і па ўзросце старэйшыя за 35 гадоў», — адзначыў біскуп Адам Мізіньскі з камісіі пры епіскапаце.

Стварэнне духоўнай семінарыі для кандыдатаў старэйшага ўзросту — гэта правільная ініцыятыва, і яна вырасла са штогадовых сустрэч рэктараў семінарый, а потым была прадстаўлена на пленарным сходзе епіскапату, распавёў іерарх. Ініцыятарам гэтай ідэі з'яўляецца біскуп Гжэгаж Рысь, цяперашні кіраўнік Канферэнцыі рэктараў вышэйшых духоўных дыяцэзіяльных і ордэнскіх семінарый.

На папярэднім пленарным сходзе біскупы падтрымалі гэтую ініцыятыву і вырашылі падрыхтаваць статут, якім будзе кіравацца такі інстытут. Яны таксама вырашылі, што офіс будзе знаходзіцца ў Кракаве, дзе ёсць магчымасць навучаць студэнтаў на тэалагічных факультэтах.

«У статуце вызначана, што па заканчэнні такой семінарыі кандыдат да святарства павінен мець скончаную тэалагічную адукацыю, паколькі была дыскусія пра тое, ці павінен ён мець навуковую ступень магістра. Гэта ўжо будзе вызначацца індывідуальна, у залежнасці ад таго, будзе канкрэтны семінарыст пазней займацца катэхізацыяй ці не», — растлумачыў біскуп Мізіньскі.

Прапанаваны статут прыняты ad experimuntum на трохгадовы тэрмін. Цяпер статут будзе адпраўлены ў Кангрэгацыю па справах духавенства, якой цяпер падпарадкоўваюцца духоўныя семінарыі.

Падчас нядаўняга візіту ad limina біскуп Рысь ужо размаўляў на гэтую тэму з прадстаўнікамі Кангрэгацыі. Адабрэнне Рымам гэтага праекта ў агульных рысах ужо маецца, і польскія біскупы спадзяюцца на больш хуткае зацвярджэння статута новай семінарыі, каб пачаць навучанне ўжо ў кастрычніку гэтага года.

Паводле матэрыялаў Gość Niedzielny, (AYU)
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.