Помнік Яну Паўлу ІІ адкрыюць у мусульманаў |
27.03.2014 11:53 |
У Сараева, дзе большасць насельніцтва з'яўляецца мусульманамі, у канцы красавіка будзе ўзведзены помнік Папу Яну Паўлу II з нагоды яго кананізацыі, паведамілі прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла Босніі і Герцагавіны.
«Мы не можам забываць пра чалавека, які так старанна клапаціўся аб міры ў Босніі і Герцагавіне, аб забеспячэнні роўных правоў усіх людзей і годнасці чалавека», — заявіў арцыбіскуп Врхбосны (Сараева) кардынал Вінко Пуліч.
Ян Павел II шматкроць звяртаўся і маліўся аб супакоі ў Босніі і Герцагавіне, разарванай у 1992-1995 гг. канфліктам паміж мусульманамі, праваслаўнымі сэрбамі і каталіцкімі харватамі. У час вайны там загінулі 100 тыс. чалавек.
Помнік бл. Яну Паўлу II вышынёй амаль у 3 метры будзе ўсталяваны ля сабора Святога Сэрца Езуса ў цэнтры Сараева, дзе Папа Рымскі сустрэўся з жыхарамі сталіцы падчас свайго візіту ў красавіку 1997 года.
Помнік адкрыецца 30 красавіка, праз тры дні пасля кананізацыі Яна Паўла II у Ватыкане.
|