Сёстры кармелітанкі ў Ісландыі напісалі абраз Пілігрыма Свету ў простых сандалях |
04.04.2014 12:12 |
Сёстры кармелітанкі польскага паходжання ў Ісландыі напісалі абраз Яна Паўла ІІ да яго кананізацыі, а таксама падрыхтавалі апісанне для дакладнага разумення сваёй духоўна-творчай канцэпцыі.
Пра гэта паведамляецца на wiara.pl.
Абраз ствараўся на працягу чатырох год. Яго пісала сястра Мірыям, а сёстры, якія жывуць у манастыры ўвесь гэты час маліліся ў інтэнцыі напісання і прапаноўвалі свае ідэі.
Абраз складае 1,7 м ў вышыню і напісаны на дубовай дошцы. Зараз ён размешчаны ў кляштары ў Рэйк’явіку. Сёстры падрыхтавалі таксама спецыяльнае апісанне, якое дапамагае прачытаць вобраз св. Яна Паўла ІІ Пілігрыма Свету.
«Постаць Папы выказвае рух, яго арнат развіваецца ветрам. Гэта сімвалізуе інтэнсіўнасць дзейнасці, але перад усім подых Святога Духа, які ўвесь час спадарожнічаў «Папу з далёкага краю» на ўсіх шляхах яго пілігрымавання, і таму форма арнату нагадвае моцны агонь». — апісвае абраз Бажэна Мшыца, якая разам са сваім мужам пазнаёміліся са стваральніцамі абраза.
Цікавы факт, што на абразе Ян Павел ІІ абуты ў простыя сандалі, якія зусім не суадносяцца з адзеннем Пантыфіка. Адзначаецца, што гэта сімвал духа беднасці Караля Вайтылы, а таксама сімвал нястомнага пілігрыма. Выяву абраза размясціў naszdziennik.pl
(AYU)
|