Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дырэктара Mozilla прымусілі пакінуць кампанію з-за падтрымкі сямейных каштоўнасцей |
04.04.2014 15:00 |
Выканаўчы дырэктар кампаніі Mozilla Брэндан Айк падаў у адстаўку пасля скандалу ў сувязі з яго непрыманнем аднаполых шлюбаў. Айк, які з’яўляецца адным з заснавальнікаў кампаніі і стваральнікам мовы праграмавання JavaScript, быў прызначаны на сваю пасаду ў канцы сакавіка гэтага года — паведамляе руская служба ВВС. Паведамляецца, што яму давялося таксама пакінуць савет дырэктароў Mozilla Foundation — некамерцыйнай арганізацыі, якая валодае Mozilla Corporation. У 2008 годзе Айк зрабіў ахвяраванне на тысячу даляраў у падтрымку папраўкі ў каліфарнійскае заканадаўства, вядомай як «Прапанова 8». Гэтая папраўка вызначала шлюб як саюз паміж мужчынам і жанчынай і разглядалася ЛГБТ-супольнасцю як перашкода легалізацыі аднаполых шлюбаў. Першапачаткова папраўка была прынятая, аднак у 2013 годзе яна была адменена Вярхоўным судом ЗША. Даведаўшыся 24 сакавіка аб прызначэнні Айка на пасаду выканаўчага дырэктара Mozilla, гей-актывісты разгарнулі актыўную кампанію пратэсту ў інтэрнэце. У сацыяльных сетках з’явілася мноства гнеўных каментароў, пачаўся збор подпісаў з патрабаваннем адстаўкі Айка. Адразу пасля прызначэння Айка на кіруючы пост трое членаў савета дырэктароў кампаніі падалі ў адстаўку, аднак прадстаўнікі Mozilla настойвалі, што гэтыя падзеі ніяк не звязаныя паміж сабой. Спачатку кіраўніцтва кампаніі Mozilla абараняла прызначэнне Айка, аднак затым пад ціскам грамадскасці змяніла свой пункт гледжання. У выніку старшыня праўлення Мітчэл Бэйкер была вымушаная скласці прабачэнні ЛГБТ-супольнасці. Па словах Мітчэл Бэйкер, кіраўніцтва кампаніі ўсё яшчэ абмяркоўвае патэнцыйныя кандыдатуры на замену Брэндана Айка, дадатковая інфармацыя аб гэтым будзе апублікаваная на наступным тыдні.
Паводле baznica.info, (AYU) |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.