Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ва Украіне адбываюцца Імшы ў інтэнцыі міру і ахвяраў канфлікту
06.05.2014 15:48

У духу закліку Папы Францішка аб прымірэнні і братэрстве ва Украіне, у гэтыя дні католікі аб’ядналіся ў няспыннай малітве аб міры.

У панядзелак 5 мая рыма-каталіцкі біскуп Адэсы Браніслаў Бярнацкі цэлебраваў у катэдральным касцёле св. Імшу і звярнуўся да вернікаў з заклікам «захоўваць спакой» і «не паддавацца на правакацыі». У сваім пастырскім пасланні біскуп заклікаў усе палітычныя сілы ў краіне і за мяжой прыкласці як мага больш намаганняў, каб забяспечыць мір ва Украіне і стрымаць эскалацыю гвалту.

У сваім спецыяльным звароце грэка-каталіцкі біскуп Адэсы Міхаіл Бубній піша: «З вялікай трывогай і болем у сэрцы мы перажываем гэтыя канфліктныя супрацьстаянні ў Адэсе, у якіх, на жаль, пацярпела і загінула шмат людзей. Звяртаюся з заклікам да абодвух бакоў супрацьстаяння, да сілавых структураў, улады і да ўсіх палітычных сіл і рухаў Адэскай вобласці з просьбай: спыніце крывапраліцце і не дапусціце працягу росту напружання і гвалту ў рэгіёне. Заклікаю ўсіх да мірнай барацьбы за грамадзянскія правы і за ўмацаванне хрысціянскіх і маральных каштоўнасцяў, якія ляжаць у аснове прававой і дэмакратычнай дзяржавы».

У нядзелю ва ўсіх парафіях Адэсы і Крыма адбыліся святыя Імшы, падчас якіх маліліся за загінулых падчас трагічных падзей мінулай пятніцы.

У Львове ўсе Цэрквы ўдзельнічалі ў экуменічнай малітве аб міры на Украіне . У інтэрв’ю канадскаму часопісу «National Review» кіраўнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы архіепіскап Святаслаў Шаўчук выказаўся пра прэзідэнцкія выбары, прызначаныя на 25 мая. «Наша Царква, — сказаў іерарх, — заклікае да ўсеагульнага ўдзелу ў выбарчым працэсе і да адказнага галасавання за чалавека, які зможа аб'яднаць краіну».

Паводле Радыё Ватыкана, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.