Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Катэхізіс для моладзі “Youcat” дасягнуў тыраж 4,5 млн. асобнікаў
09.05.2014 13:18

Праз тры гады пасля з’яўлення на выдавецкім рынку каталіцкага катэхізіса для моладзі «Youcat» яго тыраж дасягнуў 4,5 млн. асобнікаў. Паводле ініцыятара яго выдання, нямецкага тэолага і журналіста Бернхарда Мойзера, гэта «самы буйны пасля Бібліі праект каталіцкай кнігі ў свеце».

Цяпер катэхізіс даступны на 30 мовах у 100 краінах. Падрыхтоўка да яго выдання вялася з 2006 г. пад рэдакцыяй арцыбіскупа Вены, кардынала Крыстафа Шонборна. Праект быў прымеркаваны да Сусветных дзён моладзі ў Мадрыдзе ў 2011 г. і выйшаў на шасці мовах у якасці спецыяльнага падарунка для моладзі ад Папы.

«Youcat» складаецца з 527 пытанняў і адказаў. На больш чым 300 старонках на даступнай для моладзі мове ў ім апісваюцца прынцыпы каталіцкай веры. У працы над «Youcat» бралі ўдзел святары, тэолагі, катэхеты, а таксама больш за 60 маладых людзей.

За апошнія гады пад лагатыпам «Youcat» былі выдадзены кішэнныя календары, дапаможнікі для падрыхтоўкі да сакрамэнтаў канфірмацыі і пакаяння. У бліжэйшы час з’явіцца адаптаваны да патрэбаў маладых людзей так званы «сацыяльны катэхізіс» («Docat»), а таксама катэхізіс для дзяцей («Kids’Cat») і Біблія для моладзі. У падрыхтоўцы зместу гэтых публікацый удзельнічаюць не толькі тэолагі, але і маладыя людзі.

 Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.