Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вядомы нямецкі мастак-атэіст Міхаэль Трыгель стаў католікам
26.05.2014 17:21

Вядомы ў Германіі мастак Міхаэль Трыгель, які доўгія гады лічыўся атэістам, прыняў каталіцтва. Некалькі гадоў таму тагачасны арцыбіскуп Рэгенсбурга, а на дадзены момант — прэфект Кангрэгацыі Веравучэння кардынал Герхард Людвіг Мюлер замовіў яму напісаць партрэт Папы Бэнэдыкта XVI.

Нямецкая прэса тады іранізавала, што атэіст стаў афіцыйным партрэтыстам Папы, перадае Сібірская каталіцкая газета.

46-гадовы мастак знаходзіўся ў стане духоўнага пошуку ўжо даўно, але разам з тым чакаў яўнага адкрыцця звыш, падобнага да таго, якое перажыў апостал Павел (тады яшчэ Саўл) па дарозе ў Дамаск, якое, тым не менш, ніяк не надыходзіла. Увесь гэты час Міхаэль актыўна цікавіўся рэлігійным мастацтвам і выконваў некаторыя замовы для Касцёла. На яго духоўны пошук паўплывала і асоба Бэнэдыкта XVI прычым не столькі кантакты падчас працы над партрэтам, колькі вывучэнне яго тэалагічных прац, прысвечаных пытанню суадносін паміж розумам і верай. Апошнім крокам на шляху навяртання сталі пройдзеныя Міхаэлем 30-дзённыя духоўныя практыкаванні па сістэме св. Ігнацыя Лаёлы. Міхаэль Трыгель прыняў Хрост падчас Літургіі Вячэрніку ў гэтым годзе.

І, як ён прызнаўся ў інтэрв'ю для тыднёвіка «Die Zeit», падчас яго Першай Камуніі яму было дадзена тое самае адкрыццё звыш, якога ён дарэмна чакаў доўгія гады.

«Як св. Павел, я нейкі час не ўсведамляў, дзе знаходжуся», — заявіў Міхаэль карэспандэнту штотыднёвіка. На пытанне, чаму ён абраў менавіта Каталіцкі Касцёл, Міхаэль адказаў так: «Я шукаў таямніцы, ісціны па той бок таго, што можна выказаць словамі. Акрамя таго, у каталіцызме істотную ролю грае звязаная з пачуццямі эстэтыка, малюнкі і вобразы, а я ўсё ж такі мастак». Міхаэль Трыгель таксама выказаў жаданне напісаць партрэт і цяперашняга Папы Францішка. «Ён зрабіў на мяне моцнае ўражанне, а яго твар ўяўляе цікавасць для мастака. Але ўплыў асобы Бэнэдыкта XVI на мяне ўсё ж такі мацнейшы», — падвёў вынік Міхаэль.

(AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.