Іспанскія біскупы заклікаюць аўтамабілістаў да большай разважлівасці і адказнасці на дарогах |
09.07.2014 11:18 |
Да адказнасці на дарогах і большага клопату пра чалавечае жыццё заклікае Каталіцкі Касцёл у Іспаніі. Традыцыйна ў першую нядзелю ліпеня ў гэтай краіне адзначаецца Дзень адказнасці на дарогах. У гэтым годзе яго дэвіз — словы Евангелля паводле св. Лукі: «Езус, наблізіўшыся, пайшоў з імі».
«Усе мы частку свайго жыцця праводзім у дарозе. Як у вучняў з Эмаус, ва ўсіх нас былі моманты смутку, глыбокай заклапочанасці, адсутнасці надзеі ці дрэннага настрою. На гэтай дарозе іншыя нас даганяюць або мы іх абганяем. Варта спытаць, як мы ўспрымаем гэтых людзей і як ставімся да іх», — пішуць біскупы ў лісце на Дзень адказнасці на дарогах.
Іерархі перасцерагаюць ад агрэсіўных паводзінаў і непраяўлення ўвагі да таго, хто патрабуе дапамогі, а таксама заклікаюць клапаціцца пра адносіны, поўныя разумення, дыялогу і ўзаемадапамогі.
Біскупы выказваюць радасць з нагоды памяншэння на іспанскіх дарогах колькасці смяротных выпадкаў. У 2013 годзе ў ДТЗ на дарогах Іспаніі загінулі 1128 чалавек.
«Давайце будзем разважлівымі і адказнымі за сваё жыццё і жыццё іншых людзей на дарозе», — адзначаюць біскупы.
|