ЗША: апублікаваны даклад аб стане рэлігійнай свабоды ў свеце |
31.07.2014 14:00 |
Мільёны хрысціян і паслядоўнікаў іншых рэлігій, такіх, як мусульмане і індуісты, вымушаны пакідаць месца жыхарства па прычыне сваёй веры. На гэта звяртае ўвагу штогадовая справаздача Дзярждэпартамента ЗША аб рэлігійнай свабодзе ў свеце. Тры чвэрці насельніцтва зямнога шара жыве ў краінах, дзе свабоду веравызнання не паважаюць, нагадаў дзяржсакратар ЗША Джон Кэры ў ходзе прэзентацыі дакладу ў Вашынгтоне 29 ліпеня 2014 г. Ён падкрэсліў, што на тэрыторыі ад Паўднёвай Азіі да Сахеля ў Афрыцы дзяржаўныя органы пераследуюць рэлігійныя супольнасці. Сярод гэтых краін першае месца займае Паўночная Карэя, дзе рэпрэсіі ажыццяўляюцца ў дачыненні да любой рэлігійнай дзейнасці. Побач з ёй таксама згадваюцца Саудаўская Аравія, Іран і Судан. Акрамя таго, адзначаецца, што ў такіх краінах, як Кітай, Куба, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан і Эрытрэя, законнай прызнаецца толькі такая рэлігійная дзейнасць, якую дзяржава выразна дазваляе. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)
|